Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

няве́села,

1. Прысл. да невясёлы.

2. безас. у знач. вык. Пра пачуццё суму, журбы, якое перажывае хто‑н. [Лабановіч:] — Што ты, бабка, зажурылася? — Калі вам нявесела, дык і мне нявесела, — адказала бабка. Колас.

няве́ста, ‑ы, ДМ ‑сце, ж.

Дзяўчына (або жанчына), якая выходзіць замуж; маладая. Нявеста была, як нявеста: у беласнежным вэлюме, з вянком, з букецікам белых красак на грудзях. Лынькоў. // Дзяўчына (або жанчына), якая мае жаніха; будучая жонка. Партызаны здзіўлена паглядзелі на маладых людзей. А Віктар.., падышоўшы да Бярозіна, сказаў, нібы бацьку: — Васіль Макаравіч, гэта мая нявеста, Наташа. Шчарбатаў. // Аб маладой дзяўчыне, якая дасягнула шлюбнага ўзросту. [Зіна:] — У Фросі дочкі — ужо нявесты. Адна восенню ў інстытут будзе паступаць. Другая ў дзевяты клас перайшла... Васілевіч.

няве́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жонка сына. Урачыста пажадаў [стары] сыну з нявесткай добрага здароўя. Брыль. Хутка знадворку прыходзяць дзве жанчыны — нявестка і дачка старо[й] гаспадыні. Чорны. Як добрая свякроў, то добрая і нявестка. Прыказка.

няве́сцін, ‑а.

Які належыць нявесце. Нявесціны ўборы.

няве́тліва,

1. Прысл. да няветлівы.

2. безас. у знач. вык. Нетактоўна, непрыстойна. Трэба было [Веры] ісці ў сваю бакоўку, там усялякай работы немаведама колькі, але няветліва пакідаць адну госцю. Кулакоўскі.

няве́тлівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць няветлівага; непрыветлівасць. [Васіль Іванавіч:] — Вы прабачце ўжо мне маю рэзкасць ці, хутчэй, няветлівасць. Лынькоў.

няве́тлівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не выяўляе ветлівасці да іншых; непрыветлівы. Косця на першы погляд здаваўся дзяўчатам надта хмурын, няветлівым. Карпюк. // Які выражае непрыветлівасць; пазбаўлены ветлівасці. Няветлівы позірк. Няветлівы прыём. □ Загадчык выпрастаўся, надзьмуўся, вочы яго сталі калючымі, няветлівымі. Шамякін.

2. Які парушае прынятыя правілы прыстойнасці; нетактоўны. — Ды забаўляйце ж вы гутаркай .. [дзяўчыну]!.. — Прабачце, я і сапраўды няветлівы. Ды мы гэта хутка паправім. Брыль.

няве́тлы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і няветлівы.

няве́чанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. нявечыць.

няве́чыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; незак.

1. Станавіцца калекай, калечыцца.

2. Зал. да нявечыць.