Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мя́кіш, ‑у, м.

1. Мяккая частка печанага хлеба.

2. Мяккая частка чаго‑н.; мякаць.

мя́кка, прысл.

1. Не цвёрда, не жорстка. [Дзяжурны:] — Тут сена паслана. Мякка будзе. Накрывайся сваім паліт[о] і спі. Якімовіч. Мякка сцеле, ды мулка спаць. Прымаўка. // Лёгка; далікатна. Дачка мякка кранула бацьку за рукаў, нібы асцярожна будзіла яго. Зарэцкі.

2. перан. Ціха, ледзь чутна; плаўна. Накінуўшы на плечы стракаты халат і мякка ступаючы танкамі, .. [маці] выйшла са спальні. Якімовіч. Лёгка і мякка слізгаюць палазы, пакідаючы за сабой па некранутай белі дзве раўнюткія палосы. Машара. // Не рэзка. Мякка свяцілі люстры, на стале дыміліся кубачкі духмянай кавы. Шыцік. Сонца грэла роўна і мякка. Гамолка.

3. перан. Сардэчна, ласкава, пяшчотна. [Васіль Іванавіч] перавёў позірк на Камара, мякка ўсміхнуўся яму. Лынькоў. Таццяна ўсміхнулася, і ў вачах у яе мякка засвяцілася ласкавае захапленне. Зарэцкі.

•••

Мякка кажучы (у знач. пабочн.) гл. кажучы.

мякка...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «мяккі», напрыклад: мяккасардэчны, мяккацелы.

мяккава́ты, ‑ая, ‑ае.

Не вельмі цвёрды; пругкі.

мяккасардэ́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць мяккасардэчнага.

мяккасардэ́чны, ‑ая, ‑ае.

Які вызначаецца душэўнай мяккасцю, дабратой, спагадлівасцю, чуласцю.

мя́ккасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і якасць мяккага. Мяккасць шэрсці. Мяккасць клімату. Мяккасць зычных. □ Карціны роднага беларускага пейзажу мільгалі адна за другой, песцячы погляд мяккасцю і разнастайнасцю фарбаў. Васілевіч. // перан. Адсутнасць рэзкасці; уступчывасць, спагадлівасць. Голас у.. [брыгадзіра] пагучнеў, але ў ім адчувалася мяккасць, ласкавасць. Хадкевіч. Пры ўсёй мяккасці свае натуры, панна Ядвіга была гордая дзяўчына. Колас.

мяккаце́ласць, ‑і, ж.

Уласцівасць мяккацелага (у 2 знач.). Кашалёў заканчваў прамову крытыкай у адрас Янукевіча, абвінавачваючы яго ў мяккацеласці і залішнім лібералізме. Хадкевіч.

мяккаце́лы, ‑ая, ‑ае.

1. З мяккім целам, вялымі мускуламі.

2. перан. Які лёгка паддаецца чужому ўплыву; бязвольны, бесхарактарны. Ганскі адчуваў некаторую палёгку ад таго, што з яго спалі абавязкі члена сельсавета, якія яго, нерашучага і мяккацелага, заўсёды трохі прыгняталі. Крапіва.

3. у знач. наз. мяккаце́лыя, ‑ых. Тое, што і малюскі.

мяккашэ́рсны, ‑ая, ‑ае.

З мяккай шэрсцю.