ко́нсул, ‑а, м.
1. Службовая асоба дыпламатычнага ведамства, якая прадстаўляе і абараняе прававыя і эканамічныя інтарэсы сваёй дзяржавы і яе грамадзян перад уладай другой дзяржавы.
2. У Старажытным Рыме — тытул кожнай з дзвюх выбарных вышэйшых службовых асоб. // Асоба, якая мела гэты тытул.
3. Тытул кожнай з трох асоб, надзеленай неабмежаванай выканаўчай уладай у Францыі з часу перавароту Напалеона Банапарта да абвяшчэння яго імператарам. // Асоба, якая мела гэты тытул.
[Лац. consul — саветнік.]
ко́нсульскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да консула, консульства, належыць ім. Консульская канвенцыя. Консульскія рангі.
ко́нсульства, ‑а, н.
1. Прадстаўніцтва адной дзяржавы на тэрыторыі другой дзяржавы на чале з консулам. Савецкае консульства. // Памяшканне, якое займае гэта прадстаўніцтва.
2. Час кіравання консула ў Старажытным Рыме ў перыяд рэспублікі.
3. Час ад перавароту Напалеона Банапарта (9–10 лістапада 1799 г.) да абвяшчэння імперыі ў Францыі (1804 г.).
конт,
У выразах: на гэты конт; на конт гэтага — адносна гэтага. — У мяне на гэты конт свае меркаванні, — гаварыў Азаркевіч. Гурскі.
контр...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае процідзеянне, проціпастаўленне, процілегласць таму, што выражана ў другой частцы, напрыклад: контрудар, контрмеры.
[Ад лац. contra — супраць.]
ко́нтра 1, ‑ы, ж.
Разм. Нацягнутыя адносіны паміж кім‑н.; узаемная незадаволенасць, раздражнёнасць. — А ты насміхаешся, а ты контры строіш мне... Мурашка.
ко́нтра 2, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і контррэвалюцыянер. — К-кулацкая душа!.. Контра!.. Мележ.
контраге́нт, ‑а, М ‑нце, м.
Асоба або ўстанова, якія ўзялі на сябе пэўныя абавязкі па дагавору.
[Ад лац. contrahens, contrahentis — які дамаўляецца.]
контрапункты́чны, ‑ая, ‑ае.
Заснаваны на правілах кантрапункта.
контрасігна́цыя, ‑і, ж.
Спец. Подпіс афіцыяльнай асобы (напрыклад, міністра) на дакуменце, выдадзеным кіраўніком дзяржавы, які азначае, што дадзеная асоба бярэ па сябе адказнасць за дакумент.
[Ням. Kontrassignation ад лац. contra — супраць і assigno — стаўлю пячатку.]