зме́рзлы і змёрзлы, ‑ая, ‑ае.
1. Які змёрз ад холаду; азяблы, акалелы. [Тэкля] пераначавала галодная і змерзлая. Бядуля.
2. Сапсаваны, пашкоджаны марозам. Змёрзлыя расліны. Змерзлая бульба.
3. Зацвярдзелы ад марозу, холаду; наскрозь прамёрзлы. Змерзлая зямля.
зме́рзнуцца і змёрзнуцца, ‑нецца; пр. змерзнуўся і змёрзнуўся, змерзнулася і змёрзнулася; зак.
Тое, што і змерзціся, змёрзціся.
зме́рзнуць і змёрзнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. змёрз, змерзла і змёрзла; зак.
1. Моцна азябнуць, акалець. Рукі змёрзлі. □ Задрамалі [Мірон і Віктар], але хутка так змерзлі, што пачалі зубамі ляскаць. Маўр. // Загінуць ад моцнага холаду, марозу; замерзнуць. І грознымі хвалямі кажа Бяроза: «Чужынцам я заўжды прыносіла жах, Нямала глынула я трупаў варожых, Нямала іх змерзла на беразе ў лозах, А колькі касцей на старых курганах». Броўка.
2. Сапсавацца, пашкодзіцца ад марозу, холаду. Бульба ў капцы змерзла.
зме́рзціся і змёрзціся, ‑знецца; пр. змёрзся, змерзлася і змёрзлася; зак.
1. Прымерзнуць адзін да аднаго, змацавацца лёдам. Рыба змёрзлася ў халадзільніку.
2. Зацвярдзець ад марозу, наскрозь прамерзнуць. Боты змёрзліся на марозе і, як абцугамі, сціснулі ногі нямым холадам. М. Ткачоў. [Ладынін] быў у ватоўцы, у ватніх штанах і ў валёнках, якія змёрзліся і стукалі аб падлогу. Шамякін.
зме́ркнуцца, ‑нецца; пр. змерклася; безас. зак.
Сцямнецца, пацямнець (пра наступленне змроку, вячэрняй цемнаты). Вечарам, калі зусім ужо змерклася, бабка Наста сядзела адна ў хаце, запаліўшы газовачку. Колас.
зме́ркнуць, ‑не; пр. змерк, ‑ла; зак.
1. безас. Тое, што і змеркнуцца. Так скора змеркла, мабыць, таму, што неба зусім нахмурылася і, здаецца, стала ніжэйшае. Чарнышэвіч. Быў вечар, змеркла нядаўна. Чорны.
2. Пакрыцца змрокам; пацямнець. Неба наперадзе, куды ішла дарога, зусім змеркла, ягоная вышыня над намі замутнелася няпэўным колерам. Быкаў. // перан. Страціць сілу, значэнне; загаснуць. Слава змеркла.
зме́рці, самрэ; самром, самраце; пр. змёр, змерла і змёрла; зак.
Разм. Памерці (пра ўсіх, многіх). Бацькі .. [хлопца] ў вайну ўцяклі недзе з-за Вільні сюды і тут змерлі. Чорны.
змест, ‑у, М ‑сце, м.
1. Тое, пра што расказваецца, што выкладаецца, адлюстроўваецца дзе‑н.; тэма (кнігі, артыкула, карціны і пад.). Змест кнігі. Змест оперы. Змест размовы. □ Часамі Данута перакладала змест якога-небудзь англійскага або французскага артыкула, і мы разам захапляліся рознымі дробязямі. Карпюк. // Пералік раздзелаў, састаўных частак кнігі з указаннем старонак, змешчаны ў канцы ці пачатку.
2. Сэнс, сутнасць чаго‑н. Яўхім маўчаў. Але і ў маўчанцы аднаго і ў лёгкіх жартах другіх быў адзін змест і адзін сэнс. Мурашка. [Нават] хаты, поле і лес у сваім старым выглядзе набылі новы змест, тварылі новыя настроі. Бядуля. // Аснова з’явы ці працэсу, якая вызначае іх сутнасць. Форма і змест. Культура нацыянальная па форме і сацыялістычная па зместу.
зме́сці, змяту, змяцеш, змяце; змяцём, змецяце; пр. змёў, змяла, ‑ло; заг. змяці; зак., каго-што.
1. Метучы, зняць, сцерці з якой‑н. паверхні. І рухам ветлай гаспадыні Марына з лавы пыл змяла. Колас. // Знесці, падхапіўшы сваім рухам (пра вецер, буру, завіруху). Ледзяною роўнай сцежкай Вецер венікам прабег, Ён на радасць канькабежцам Мігам змёў са сцежак снег. А. Александровіч.
2. перан. Знішчыць, ліквідаваць. Сваёй магутнай дыктатурай Змяцём буржуяў і паноў! Бялевіч.
3. Метучы, сабраць у адно месца. Змесці збожжа ў кучу.
•••
Змесці з твару зямлі — тое, што і сцерці з твару зямлі (гл. сцерці).
Як ветрам змяло — пра нечаканае знікненне каго‑, чаго‑н.