Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

векаве́чны, ‑ая, ‑ае.

Які існуе многа вякоў; спрадвечны. Векавечны бор, курган. Векавечная дружба. □ Гераічная барацьба лепшых сыноў рабочага класа падарвала ўстоі самаўладства, устоі векавечнай цемры, няволі. Купала.

векаву́ха, ‑і, ДМ ‑вусе, ж.

Разм. Старая дзеўка. Сама.. [Маша] старалася ўпрыгожыць сябе моднымі плаццямі і прычоскамі, але ўпотай амаль рыхтавалася пражыць «векавухай» (так у іх вёсцы называюць старых дзевак). Шамякін.

векавы́, ‑ая, ‑ое.

Які жыве, існуе вякамі, вельмі доўга; стары. Векавыя дубы. Векавыя паданні. □ Ідзе чалавек бестурботны, Разглядвае лес векавы. Колас. [Гвардзейцы Ракасоўскага] завяршылі канчатковай перамогай векавое змаганне славян з крыжацка-пруска-фашысцкай навалай. Брыль.

векапо́мны, ‑ая, ‑ае.

Які будзе доўга помніцца; незабыўны. Векапомныя падзеі. Векапомныя дні.

ве́ктар, ‑а, м.

Спец. Адрэзак прамой, які мае пэўнае становішча і напрамак. Раскладанне вектара.

[Ад лац. vector — які вязе, нясе.]

ве́ктарны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да вектара.

•••

Вектарнае вылічэнне — раздзел матэматыкі, які вывучае розныя аперацыі над вектарамі.

ве́кша, ‑ы, ж.

Абл. Вавёрка. За шкуркі ён [дзядуля] мае і цукар, і хлеб, і ўсё, што належыць да людскіх патрэб, бо тыя здабыткі нясе не ў шынок: — у наш, у савецкі, нясе гарадок, а там — поўнай мерай адмераць яму за собаля, векшу, за лета — зіму... Дубоўка.

вела...

Першая частка складаных і складанаскарочаных слоў, якая па свайму значэнню адпавядае слову «веласіпедны», напрыклад: веласпорт, велатрэк, велапакрышка.

[Ад лац. velox, velocis — хуткі.]

велаго́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Спаборніцтва па веласіпеднаму спорту. Была нядзеля, і Антон Прымацкі паехаў за горад, каб пабачыць, як будуць праходзіць велагонкі. Сіняўскі.

велаго́ншчык, ‑а, м.

Той, хто займаецца веласіпедным спортам.