ста́ўленне, ‑я, н.
Адносіны да каго‑, чаго‑н., погляд на што‑н.; разуменне каго‑, чаго‑н. І я [Міхаліна] прачытала ў яе вачах тую ж трывогу, якую часам лавіла раней у словах, позірках, усмешках і ва ўсім штодзённым стаўленні свякрухі да мяне. Шамякін. І .. [Вера] сказала коратка, двума словамі, сваё найшчырэйшае стаўленне да гэтага сцяжка: — Буду старацца. Дуброўскі. Занадта часта іншыя маладыя аўтары дазваляюць сабе празмерную палёгку, безадказнае стаўленне да паэтычнага радка, слова. Гілевіч.
стаўля́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. стаўляць.
стаўля́цца, ‑яецца; незак.
Зал. да стаўляць.
стаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.
Ставіць вялікую колькасць. — Што, дровы стаўляць будзеш, Марцін? — пацікавіўся Барбутовіч. Колас.
стаўма́, прысл.
Вертыкальна, старчаком. А вецер бязлітасна ўзлахмачвае на востраве кусты, гне, прыгладжвае іх, зноў задзірае стаўма. Місько.
стаўны́, ‑ая, ‑ое.
Спец. Умацаваны на месцы, нерухомы (пра рыбалоўныя прылады). — А што, Дняпро для цябе толькі? — спытаў Кандрат .. Вось мы ўчора назнарок стаўную сетку ля трох вербаў паставілі. Караткевіч.
стаўпе́ц, ‑пца, м.
Драўляны брусок у граблях, у які заганяецца зуб’е. Граблі новыя, а стаўпец зламаўся.
стаўралі́т, ‑у, М ‑ліце, м.
Мінерал класа сілікатаў чырванавата-бурага, бура-чорнага і жоўта-бурага колеру са шкляным бляскам.
[Ад грэч. staurós — крыж і lithos — камень.]
стаўры́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Марская прамысловая рыба сямейства акунёвых.
стаўчы́, стаўку, стаўчэш, стаўчэ; стаўчом, стаўчаце, стаўкуць; пр. стоўк, стаўкла, ‑ло; зак., каго-што.
1. Раздрабняючы, ператварыць у парашок, зрабіць мяккім. Стаўчы соль. □ [Ульяна] выцягнула з печы чыгун з бульбай, абхапіла яго анучай і вынесла ў сенцы. Потым вярнулася, узяла качаргу, пайшла таўчы тую бульбу. — Давай я — узяўся [Кастусь] за качаргу .. [Ульяна:] — Як стаўчэш, дык накрый карыта анучай. Гаўрылкін.
2. Ачысціўшы зерне ад шалупіння, перапрацаваць яго на крупы. Стаўчы ячмень.
3. Вытаптаць, здратаваць, змясіць нагамі. Каровы стаўклі авёс. // Разм. Давесці да беспарадку (пра пасцель). Дзеці стаўклі ложак.
4. Разм. Збіць, пабіць каго‑н. [Рыжы:] — Я цябе стаўку на горкі яблык, можаш быць пэўны! Карпюк.
5. Таўкучы, змяшаць што‑н. з чым‑н. Стаўчы каляндру з перцам для прыправы. □ Распаранае зерне жыта, аўса, пшаніцы, гароху, рысу стаўчыце ў драўлянай ступе і, прыправіўшы адной-дзвюма лыжкамі алею, перамяшайце з мукой або вотруб’ем. Матрунёнак.