Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

няўдо́біца, ‑ы, ж.

Зямля, малапрыгодная для пасеваў сельскагаспадарчых культур. Год на год не прыходзіцца: узяткі мёду залежаць ад таго, што расце на бліжніх палях і як родзяць травы на заросшай кустоўем няўдобіцы. Навуменка.

няўёмны, ‑ая, ‑ае.

Які нельга, цяжка стрымаць; нястрымны. Няўёмны запал. Няўёмны жаль.

няўжо́, часціца пытальная.

Ужываецца ў пытальных сказах у значэнні: хіба, ці магчыма, выказваючы апрача пытання сумненне, недавер, здзіўленне. — Няўжо гэта запіска майго брата? — задумаўся Мікола. Якімовіч. — Няўжо ты не верыш мне? — запытаўся я, адчуваючы невыразны боль у сэрцы. Асіпенка. «Няўжо заблудзіўся? Напэўна, збочыў улева», — падумалася мне. В. Вольскі.

няўжы́ўчывасць, ‑і, ж.

Уласцівасць няўжыўчывага.

няўжы́ўчывы, ‑ая, ‑ае.

Які дрэнна ўжываецца з іншымі людзьмі. Кватарант пападаліся нейкія то няўжыўчывыя, то вельмі патрабавальныя. Шахавец. Ці мала ёсць такіх няўжыўчывых людзей, якім ніколі не дагодзіш. Асіпенка. // Які ўласцівы такому чалавеку. Няўжыўчывы характар.

няўзбро́ены, ‑ая, ‑ае.

Які не мае пры сабе зброі. Няўзброеныя людзі.

няўзго́дненасць, ‑і, ж.

Уласцівасць няўзгодненага; адсутнасць узгодненасці. Кампазіцыйная няўзгодненасць асобных раздзелаў, непрадуманая расстаноўка акцэнтаў прывялі да таго, што паэма, па сутнасці, распадаецца на два асобныя творы. Рагойша.

няўзго́днены, ‑ая, ‑ае.

1. Пазбаўлены ўзгодненасці, адзінства. Няўзгодненыя дзеянні.

2. Які не ўзгаднілі або не паспелі ўзгадніць з кім‑н. Няўзгоднены план.

няўзна́к, прысл.

1. Непрыкметна. Камунаркі збоку Плакалі няўзнак. Купала. Малашкін трымаў аловак у правай руцэ, стукаў па стале няўзнак і пры гэтым крывіўся. Пестрак.

2. Хоць бы што, неўзаметку. Бывае часам стомішся, аднак пагрэешся ля вогнішча і зноўку каменні на шляху табе няўзнак. А. Вольскі. Няважна, што цэлы тыдзень я буду есці нішчымныя крупы і бульбу, гэта няўзнак. Скрыган.

3. Выпадкова, ненаўмысна. — Не шкадуеце, што пайшлі? — жуючы маласольны агурок, быццам няўзнак, спытаў у мяне доктар. Васілевіч.

няўклю́да, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑дзе, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм.

1. Той (тая), хто мае нязграбную паставу, пазбаўлены зграбнасці, спрыту ў рухах. — Толькі зразумеў — не дагнаць мне.. [партызан]: яны на пары лепшых коней, у мяне — адзін няўклюда, ламавік. Шамякін.

2. Неахайны чалавек, мурза. Жонка Нічыпара Мартыневіча, Кацярына, была такая няўдалая,.. такая няўклюда, што нават сарочка ў яе вісела на цэлую пядзю ніжэй спадніцы. Чарнышэвіч.