мі́ртавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да мірта, уласцівы мірту. Міртавы лісцік. // Зроблены з мірта. Міртавы вянок.
2. у знач. наз. мі́ртавыя, ‑ых. Сямейства вечназялёных раслін, да якога адносяцца мірт, эўкаліпт, гваздзіковае дрэва і інш.
міры́цца, міруся, мірышся, мірыцца; незак.
1. з кім і без дап. Спыняць сварку, пачынаць жыць у згодзе. [Сімон:] — Вось і добра, што прыйшлі мірыцца. Пасварыліся і памірыліся. Самуйлёнак.
2. з чым. Цярпіма адносіцца да чаго‑н.; прымірацца з чым‑н. Колас, як і Купала, стварае ў паэзіі вобраз селяніна, які не хоча, не можа далей мірыцца са сваім рабскім становішчам. Навуменка. Дасталося пазней і Алесю за тое, што не быў настойлівым, мірыўся з недахопамі, не абапіраўся на калектыў. Шыцік. Ціхон Ціхонавіч не ўмеў крыўдзіцца і мірыўся з усім, што тварылася дома. Грамовіч.
міры́ць, міру, мірыш, мірыць; незак., каго-што.
Наладжваць мірныя адносіны паміж кім‑, чым‑н. — Ды кіньце вы, мужчыны! За чужыя коні сварку ўзнялі, — пачаў мірыць .. [сялян] Сцяпан Варанец. Крапіва. Непамяркоўны і крыклівы сам, Комлік, аднак, любіў мірыць другіх. Карпаў.
мірыя́ды, ‑аў; адз. няма.
Вельмі вялікая, незлічоная колькасць. Вераснёўская ноч была цёмная, толькі бліскучае неба з мірыядамі зорак холадна асвятляла зямлю. Рамановіч. Возера ў мірыядах іскраў злёгку хвалюецца. Пестрак.
[Ад грэч. myrias (myriados) — дзесяць тысяч.]
міс,
Назва незамужняй жанчыны і форма звароту да яе ў Англіі, Амерыцы (звычайна ставіцца перад прозвішчам або імем).
[Англ. miss.]
мі́са, ‑ы, ж.
Вялікая міска. У хаце на стале было ўжо ўсё гатова для добрай вячэры: стаяла яечня, квашаныя памідоры і ладная міса крупніку. Сабаленка. Кандраціха паставіла пасярод стала вялікую гліняную місу з кіслым малаком. Грахоўскі.
мі́сачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Памянш. да міска; невялікая міска. Раней чым сабе, дзед накладваў мне ежу ў алавяную місачку. Бядуля.
мі́сачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да міскі, місак.
мі́сіс, нескл., ж.
Назва замужняй жанчыны і форма звароту да яе ў Англіі і ў Амерыцы (звычайна ставіцца перад прозвішчам або імем).
[Англ. mistress.]
мі́сія, ‑і, ж.
1. Адказная роля, высокае прызначэнне каго‑н. Наша партыя высока нясе рэвалюцыйны сцяг марксізма-ленінізма і пралетарскага інтэрнацыяналізму, з гонарам ажыццяўляе сваю гістарычную місію, нястомна змагаецца за перамогу камуністычных ідэалаў. Брэжнеў. Літаратура і мастацтва выконваюць у савецкім грамадстве пачэсную місію. Шкраба.
2. Заданне, даручэнне. Найбольш адказная місія — спыніць дзяўчынку, не спалохаўшы, і наладзіць з ёй сувязь, была даручана мне. Брыль. Анэтка павінна памятаць, што на яе ўскладаецца важная місія — быць аховаю сям’і і гэтага хутарка. Колас.
3. Пастаяннае дыпламатычнае прадстаўніцтва пры якой‑н. дзяржаве звычайна на чале з пасланнікам, а таксама памяшканне, якое займае такое прадстаўніцтва.
4. Прадстаўнікі адной дзяржавы, якія пасылаюцца ў другую са спецыяльнай мэтай. Ваенная місія.
5. Місіянерская арганізацыя.
[Ад лац. missio — адпраўленне, пасылка.]