Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

стаўбуно́к, ‑нка, м.

Абл.

1. Памянш.-ласк. да стаўбун (у 1–3 і 5 знач.); маленькі стаўбун.

2. Вадзяная лілія. [Зіна] гаварыла, што там растуць фіялетава-ружовыя стаўбункі, а на ўзгорках — чырвоныя гваздзічкі. Гаўрылкін.

3. Пра што‑н. падобнае на слупок. Ля ларка Лёшка раскашэліўся яшчэ раз: купіў два стаўбункі марожанага. Асіпенка. І плацце сонечнага колеру, і прычоска, чугачку паднятая стаўбунком .. — усё так міла і так хораша .. [Тоні]. Скрыган. Над .. паверхняй [ракі] часам у знікалі цёмныя рухомыя стаўбункі — камары таўклі мак. Кірэенка. // Пра высокую шапку. Стройная, не прыгнутая гадамі, пастава, з густам падабраная і падагнаная вопратка — шэры аўчынкавы каўнер і гэткая ж шапка-стаўбунок узімку,.. падкрэсліваюць унутраную сабранасць, тую, што з глыбінь душы, інтэлігентнасць [пісьменніка]. Юрэвіч. Беглі на дарогу наперарэз карэце мужыкі... У лапцях, доўгіх, ледзь не па самае калена, белых зрэбных кашулях, шапках-стаўбунках: у руках — тапары. Сачанка.

стаўбу́р 1, ‑а, м.

Абл.

1. Стаўбун (у 2, 3 знач.). Адтуль, дзе Аляксей стаяў, не было відаць, як на нямецкім баку, за ўзгоркам, пачалі ўзлятаць чорныя грывы выбухаў, ускідваючы ўгару нейкія абломкі, стаўбуры зямлі. Мележ. Шыбалі ўгару цёмныя стаўбуры дыму, вогненна бліскала полымя. Казека.

2. Ствол дрэва, слуп і пад. Чорны, як вугаль, тоўсты, роўны, гладкі дубовы стаўбур ляжаў упоперак ракі. Колас.

стаўбу́р 2, ‑у, м.

Вірусная хвароба паслёнавых раслін (бульбы, памідораў, тытуню і пад.).

ста́ўка 1, ‑і, ДМ стаўцы; Р мн. ставак; ж.

1. У азартных гульнях — сума грошай, якую ігрок ставіць на карту і якая ў выніку пройгрышу пераходзіць у банк да банкаўшчыка. Пачыналі гуляць спакойна, з невялікіх ставак. Машара. // Сума грошай, на якую закладаюцца. Да пачатку сустрэч публіка [у капіталістычных краінах] робіць грашовыя стаўкі на таго ці іншага баксёра. «ЛіМ».

2. Размер заработнай платы; аклад. Высокая стаўка. Тарыфная стаўка. □ [Петражыцкі:] — Седзіцё. Стаўка ідзе, ці дождж, ці снег. Пташнікаў.

3. Наменклатурная адзінка. [Павел Іванавіч:] — У нас пакуль што і стаўкі няма для вызваленага сакратара камітэта. Кулакоўскі.

4. перан.; на каго-што. Разлік, арыентацыя ў сваіх дзеяннях, планах на каго‑, што‑н. [Цыля:] — Рыбакоў цікавы чалавек .. Ён — марксіст. .. У яго стаўка на рабочых. Асіпенка. Робячы стаўку на шырокае народнае паўстанне, Кастусь думаў і пра яго кіраўнікоў і арганізатараў. Якімовіч. Была зроблена стаўка на мясцовых камсамольцаў, якім лягчэй было спалучаць нелегальную работу з легальным жыццём у вёсках. Дзенісевіч.

5. Спец. Норма вылічвання падатку з якога‑н. аб’екта фінансавага аблажэння; норма аплаты пры правядзенні якой‑н. фінансавай аперацыі. Стаўкі падаходнага падатку.

•••

Стаўка біта — тое, што і карта біта (гл. карта). [Кунц:] Калі ён сапраўды не Лескавец, мая стаўка біта. Губарэвіч.

ста́ўка 2, ‑і, ДМ стаўцы; Р мн. ставак; ж.

1. Месцазнаходжанне военачальніка і яго штаба. Нейкае нядобрае прадчуванне гняло дыверсанта ўсю дарогу, калі ён ішоў у Новае Сяло, дзе цяпер знаходзілася галоўная стаўка фашысцкага камандавання з усімі адпаведнымі штабамі і службамі. Ваданосаў.

2. Орган вярхоўнага галоўнакамандавання. Прыехаў сюды Лазавік летась, у лістападзе, з атрадам маракоў для разгону царскай стаўкі ў Магілёве. Хомчанка. Пры абмеркаванні пытанняў выкарыстання ў будучай аперацыі розных родаў войск і іх матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння да работы нарады ў Стаўцы прыцягваліся Галоўны маршал артылерыі Н. Н. Воранаў, Галоўны маршал авіяцыі А. А. Новікаў, маршал артылерыі Н. Д. Якаўлеў. «Звязда».

•••

Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання — вышэйшы орган кіраўніцтва ўзброенымі сіламі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

ста́ўка 3, ‑і, ДМ стаўцы; Р мн. ставак; ж.

У выразе: вочная стаўка — адначасовы перакрыжаваны допыт асоб, якія прыцягваюцца па адной справе, для праверкі паказанняў. Аднойчы Банду павялі на вочную стаўку з Іванам Фёдаравічам Субачавым. Мяжэвіч.

стаўко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да стаўка.

ста́ўленік, ‑а, м.

Той, хто атрымаў пасаду, месца з дапамогай каго‑н., па пратэкцыі каго‑н. Крушынскі трымае ў руках аўтарытэтных вясковых людзей, мае ў сельсавеце сваіх стаўленікаў, намагаецца падкупіць тых, хто пачынае разумець яго намеры. Гіст. бел. сав. літ. // Неадабр. Той, хто, атрымаўшы ад сваіх гаспадароў пасаду, працу, чын і пад., любымі сродкамі абараняе іх інтарэсы. Іван Новікаў шырока карыстаецца такім выпрабаваным у літаратуры сродкам, як мастацкі гратэск, карыкатура, асабліва ў партрэтнай характарыстыцы гэтых нямецкіх стаўленікаў і паслугачоў. Арочка.

ста́ўленіца, ‑ы, ж.

Жан. да стаўленік.

ста́ўленне, ‑я, н.

Адносіны да каго‑, чаго‑н., погляд на што‑н.; разуменне каго‑, чаго‑н. І я [Міхаліна] прачытала ў яе вачах тую ж трывогу, якую часам лавіла раней у словах, позірках, усмешках і ва ўсім штодзённым стаўленні свякрухі да мяне. Шамякін. І .. [Вера] сказала коратка, двума словамі, сваё найшчырэйшае стаўленне да гэтага сцяжка: — Буду старацца. Дуброўскі. Занадта часта іншыя маладыя аўтары дазваляюць сабе празмерную палёгку, безадказнае стаўленне да паэтычнага радка, слова. Гілевіч.

стаўля́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. стаўляць.

стаўля́цца, ‑яецца; незак.

Зал. да стаўляць.

стаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.

Ставіць вялікую колькасць. — Што, дровы стаўляць будзеш, Марцін? — пацікавіўся Барбутовіч. Колас.