стаўка 1, ‑і, ДМ стаўцы; Р мн. ставак; ж.
1. У азартных гульнях — сума грошай, якую ігрок ставіць на карту і якая ў выніку пройгрышу пераходзіць у банк да банкаўшчыка. Пачыналі гуляць спакойна, з невялікіх ставак. Машара. // Сума грошай, на якую закладаюцца. Да пачатку сустрэч публіка [у капіталістычных краінах] робіць грашовыя стаўкі на таго ці іншага баксёра. «ЛіМ».
2. Размер заработнай платы; аклад. Высокая стаўка. Тарыфная стаўка. ▪ [Петражыцкі:] — Седзіцё. Стаўка ідзе, ці дождж, ці снег. Пташнікаў.
3. Наменклатурная адзінка. [Павел Іванавіч:] — У нас пакуль што і стаўкі няма для вызваленага сакратара камітэта. Кулакоўскі.
4. перан.; на каго-што. Разлік, арыентацыя ў сваіх дзеяннях, планах на каго‑, што‑н. [Цыля:] — Рыбакоў цікавы чалавек .. Ён — марксіст. .. У яго стаўка на рабочых. Асіпенка. Робячы стаўку на шырокае народнае паўстанне, Кастусь думаў і пра яго кіраўнікоў і арганізатараў. Якімовіч. Была зроблена стаўка на мясцовых камсамольцаў, якім лягчэй было спалучаць нелегальную работу з легальным жыццём у вёсках. Дзенісевіч.
5. Спец. Норма вылічвання падатку з якога‑н. аб’екта фінансавага аблажэння; норма аплаты пры правядзенні якой‑н. фінансавай аперацыі. Стаўкі падаходнага падатку.
•••
Стаўка біта — тое, што і карта біта (гл. карта). [Кунц:] Калі ён сапраўды не Лескавец, мая стаўка біта. Губарэвіч.
стаўка 2, ‑і, ДМ стаўцы; Р мн. ставак; ж.
1. Месцазнаходжанне военачальніка і яго штаба. Нейкае нядобрае прадчуванне гняло дыверсанта ўсю дарогу, калі ён ішоў у Новае Сяло, дзе цяпер знаходзілася галоўная стаўка фашысцкага камандавання з усімі адпаведнымі штабамі і службамі. Ваданосаў.
2. Орган вярхоўнага галоўнакамандавання. Прыехаў сюды Лазавік летась, у лістападзе, з атрадам маракоў для разгону царскай стаўкі ў Магілёве. Хомчанка. Пры абмеркаванні пытанняў выкарыстання ў будучай аперацыі розных родаў войск і іх матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння да работы нарады ў Стаўцы прыцягваліся Галоўны маршал артылерыі Н. Н. Воранаў, Галоўны маршал авіяцыі А. А. Новікаў, маршал артылерыі Н. Д. Якаўлеў. «Звязда».
•••
Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання — вышэйшы орган кіраўніцтва ўзброенымі сіламі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
стаўка 3, ‑і, ДМ стаўцы; Р мн. ставак; ж.
У выразе: вочная стаўка — адначасовы перакрыжаваны допыт асоб, якія прыцягваюцца па адной справе, для праверкі паказанняў. Аднойчы Банду павялі на вочную стаўку з Іванам Фёдаравічам Субачавым. Мяжэвіч.