Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

няўда́ліца, ‑ы, м. і ж.

Разм. Такі, якому нічога не ўдаецца; няўмелы, няўклюдны чалавек. Няўдаліца Сцяпан і тут не выкіраваў як трэба — утулкаю кола зачапіў за .. шула. Мележ. Яўсей толькі скоса пазіраў на сына і моўчкі сабе думаў: якая няўдаліца гэты яго меншы. Сабаленка. // Што‑н. дрэнна зробленае. [Воз] быў няўдаліца: крывабокі, завалены ўправа. Хадановіч.

няўда́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які канчаецца няўдачай; непаспяховы. Хоць рыбалка ў нас была няўдалая, хоць мы і не злавілі ніводнага язя, аднак дзед Мацей быў у добрым гуморы. Ляўданскі. А назаўтра па ўсёй вёсцы было толькі гаворкі, што пра няўдалыя заручыны. Ермаловіч.

2. Не такі, які павінен быць, якога чакалі, якога хацелі. Ліля расказала пра сваё няўдалае жыццё спаважна і грунтоўна. Асіпенка. [Рудзін:] — Дзякаваць богу, жыць можна і дзецям што-небудзь будзе... Толькі за сына баюся я. Нейкі няўдалы ён у мяне, усё з кніжкамі, а да справы зусім не прыглядаецца... Галавач.

3. Які дрэнна ўдаўся; нездавальняючы. Няўдалы малюнак. Няўдалы адказ.

4. Які не адпавядае свайму прызначэнню; няўмелы. Няўдалы ваяка. □ Паніч аж заскрыгатаў зубамі. Цэліўся.. ды не папаў. Вось няўдалы стралец... Бядуля.

5. Нікуды не варты; дрэнны. [Гальвас] дажыў да старасці, няўдалае гаспадаранне год за годам усё больш уганяла яго ў беднасць. Чорны. І вось цяпер палыхае сонца на прасторы і ходзяць людзі, якіх ніяк не адарвеш ад гэтай няўдалай зямлі, ад непраходных нетраў, дзе толькі плодзіцца і звонам звініць адна непалоханая заедзь. Пестрак. // З фізічнымі недахопамі, непрыгожы (пра чалавека). Ці рабіць не ўмею, Ці сама няўдала, Ці цябе, хлапчына, Я не так кахала? Астрэйка.

няўда́ча, ‑ы, ж.

Адсутнасць удачы, поспеху. Паўдня прахадзілі мы дарэмна па лесе, так і не сустрэўшы ніводнага птушынага следу. Засмучаныя няўдачай, мы прыселі на паляне адпачыць. Ігнаценка. Бяссонныя ночы, творчае напружанне, праца, праца, няўдачы і пошукі — вось чым быў для .. [Веры] будынак тэатра. Мікуліч.

няўда́члівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць няўдачлівага.

няўда́члівы, ‑ая, ‑ае.

Такі, якому не шанцуе, у якога ва ўсім няўдачы. Гэтыя мілыя дзяўчаты, з якіх дзве ўжо настаўнічалі, былі дочкамі няўдачлівага заняпалага купца. Крапіва.

няўда́чнік, ‑а, м.

Няўдачлівы чалавек. [Максім:] — Тут я табе, браце, нічога параіць не магу, бо і сам такі ж няўдачнік, як і ты [Серафім]. Машара. Цяпер ужо здаецца, што я ніколі нічога не знайду, што я няўдачнік. Навуменка.

няўда́чніца, ‑ы, ж.

Жан. да няўдачнік.

няўда́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Не такі, які павінен быць, якога чакалі, якога хацелі. Няўдачнае асабістае жыццё. // Які суправаджаецца, канчаецца няўдачай. Няўдачны ўдзел у паляванні.

няўдзя́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць няўдзячнага. Як жа позна, Як позна — любімыя дзеці — Мы няўдзячнасць сваю Разумець пачынаем... Гілевіч. // Паводзіны няўдзячнага чалавека; няўдзячны ўчынак. Няўдзячнасць з боку сяброў.

•••

Чорная няўдзячнасць — зло замест удзячнасці за зробленыя паслугі, дабро.

няўдзя́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не праяўляе ўдзячнасці за зробленыя паслугі. [Элінора] гаварыла, гаварыла... Ён і жорсткі чалавек, і няўдзячны сын, колькі турбот мела праз яго маці. Лынькоў. [Сяргей:] — Не магу прычыняць [Еве Аўсееўне].. лішніх клопатаў. Яна, як родная маці, даглядала мяне. Нельга быць няўдзячным. Машара.

2. Які не апраўдвае патрачаных намаганняў, надзей. — Табе трэба кінуць гэтую няўдзячную літаратурную работу, Ігнат, — гаварыла .. [Вікторыя Аркадзеўна]. Паслядовіч.