статы́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.
1. Навука, якая вывучае колькасныя змяненні ў развіцці чалавечага грамадства, народнай гаспадаркі і займаецца апрацоўкай лічбавых паказчыкаў з навуковай і практычнай мэтай.
2. Улік у якой‑н. галіне народнай гаспадаркі, грамадскім жыцці, а таксама дадзеныя такога ўліку. Статыстыка савецкага друку. Прамысловая статыстыка. Школьная статыстыка. □ Сённяшняя статыстыка бібліятэк і кніжнага гандлю адзначае асаблівую цікавасць чытача да твораў дакументальнай літаратуры. «Полымя».
3. Навуковы метад колькасных даследаванняў, які выкарыстоўваецца ў некаторых галінах ведаў. Лінгвістычная статыстыка. Біялагічная статыстыка.
•••
Варыяцыйная статыстыка (спец.) — раздзел матэматычнай статыстыкі, што вывучае сукупнасці аб’ектаў, уласцівасці якіх змяняюцца (вар’іруюцца) ад аб’екта да аб’екта.
[Лац. status — стан.]
статысты́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да статыстыкі (у 1, 2 знач.). Статыстычная тэорыя. Статыстычныя даныя. // Які ажыццяўляецца метадам статыстыкі. Статыстычныя назіранні. Статыстычныя табліцы.
2. Які мае адносіны да статыстыкі (у 3 знач.). Статыстычная праверка гіпотэзы.
статы́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць статычнага (у 2 знач.). Колас як празаік рос, пераадольваючы статычнасць, апісальніцтва, ішоў да раскрыцця падзей, з’яў жыцця праз сюжэт, праз драматычныя сутыкненні герояў. Навуменка.
статы́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да статыкі (у 1 знач.); звязаны са станам раўнавагі, нерухомасці. Статычны разлік.
2. Такі, у якім няма руху, дзеяння, развіцця. Статычная поза. Статычнае апісанне. □ І паступова [ва] .. уяўленні [Крамнёва] вайна кабыла акрэслены, статычны вобраз: усеянае трупамі поле, крумкачы ды змрочнае чорнае ці барвова-чырвонае, нібы набрынялае крывёю, неба. Шашкоў.
стаў 1, става, м.
Абл. Сажалка; запруда (у 2 знач.). Дарога праз высокі вішняк, кусты бэзу, язміну павяла да мосціка цераз шырокі стаў. Пестрак. Забялелі на ставах снягі, Ціха журацца ў шэрані клёны. Трус.
стаў 2, става, м.
1. Разм. Тое, што і запруда (у 1 знач.). Непадалёк стаяў шэры, пасівелы млын, цераз ставы якога з нейкім глухім, таямнічым гулам спадала вада. Броўка.
2. Спец. Назва сцецыяльных прыстасаванне ў розных галінах тэхнікі для ўмацавання, замацоўвання чаго‑н. Стаў для ўмацавання пароды ў шахтах.
стаўбавы́, ‑ая, ‑ое.
Гіст. Патомны, знатнага роду (пра дваран). Стаўбавыя дваране.
стаўбу́н, ‑а, м.
Абл.
1. Збан без ручкі. А раніцой, пабраўшы ў рукі стаўбуны з пітвом для жней і кошык з яблыкамі-падалкамі, ідуць [Васілінка з Зоськай] на поле. Ус.
2. Высокі конусападобны прадмет з круглым верхам; падобны на такі прадмет. На Серабранцы цвілі каштаны. Белыя стаўбуны кветак сама браліся ў сілу. Паўлаў. Як акінуць вокам ляжалі высокія штабялі аблузанага яловага бярвення і стаўбуны сухой кары. Машара. / у вобразным ужыв. Не менш прыгожая Сонька... І вялікі белы стаўбун валасоў на галаве, і чысты румяны твар, і блакітныя вочы. Мыслівец. // перан. Пра высокага чалавека. Каб у яго быў бацька, дык, можа, Віця быў бы большы і за гэтага стаўбуна Кастуся. Марціновіч.
3. Слуп чаго‑н. (пылу, дыму і пад.), які падымаецца ўверх. Пад вёскаю падымаліся белыя стаўбуны дыму, а ў акенцах пагойдвалася няроўнае святло — палілі ў печах. Грахоўскі.
4. Віхор, ураганны вецер. [Дзед:] — Мінулым летам як наляцеў быў стаўбун, дык у Варывончыка — майго суседа — усю хату аскуб. Кулакоўскі.
5. Кветаноснае сцябло ў клубневых раслінах, цыбур. Цыбуля ў стаўбуны пайшла.
стаўбунава́ты, ‑ая, ‑ае.
Абл. Падобны на стаўбун (у 1, 2 знач.). Спачатку я пазнаў яго [Казіка] шапку стаўбунаватую, з суконным брылем, а потым ужо і яго самога. Якімовіч. Максім падміргваў, ківаў стаўбунаватай галавой у бок хлява. Асіпенка. Расхіналіся і трапяталі на ветры стаўбунаватыя шлемы. Грахоўскі.
стаўбуне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Абл. Расці не ў караняплод, а ў стаўбун (у 5 знач.). // перан. Марнець, ведучы бясплоднае жыццё. Нарэшце Тоня адкінуў усе жарты ўбок і ціха выгаварыў пра свае намеры. [Насця:] — Як жа я пайду за цябе. — Ты ж цяпер ужо «Дойла». Хочаш, каб мяне дойліхаю дражнілі? [Тоня:] — Як быццам ты без мянушкі! Разяда! Цябе ж усе і завуць так з-за тваіх .. духоў, якімі ты ўсім некалі хвалілася. Стаўбуней сабе ў дзеўках, Разяда. Чорны.
стаўбуні́цца, ‑ніцца; незак.
Абл. Узнімацца слупам (пра дым, зямлю). Скрозь над дахамі стаўбуняцца дымы — усё роўна як зімою ў ціхі марозны ранак. Масарэнка.