Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нятле́ннасць, ‑і, ж.

Уст. Уласцівасць нятленнага.

нятле́нны, ‑ая, ‑ае.

Уст.

1. Які не паддаецца гніенню, тленню. Нятленныя мошчы.

2. перан. Які ніколі не знікае; вечны. Літаратурны твор — гэта не толькі праўдзівы дакумент эпохі, а такім ён павінен быць абавязкова, але і нятленны помнік мастацтва. Юрэвіч.

нятлу́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які змяшчае ў сабе мала тлушчу, даволі посны. Нятлустае мяса.

2. Які мала змяшчае ў сабе карысных для раслін рэчываў. Нятлустая глеба.

нято́пкі, ‑ая, ‑ае.

Які не можа (лёгка) тапіцца, плавіцца.

няўва́га, ‑і, ДМ ‑вазе, ж.

1. Адсутнасць або недахоп увагі; рассеянасць. Няўвага вучня на ўроку.

2. Непавага, раўнадушнасць. Паявілася ў характары нашага хлопца рыса: няўвага да мясцовага, роднага, захапленне экзотыкай далёкіх краёў. М. Ткачоў. Многім мужчынам яна падабалася. Гаецкая ведала гэта, і тым больш яе прыводзіла ў шаленства поўная няўвага таго, хто даўно падабаўся ёй. Шамякін.

няўва́жлівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць няўважлівага. Мара зноў атрымаў тройку. І ўсё гэта праз сваю няўважлівасць. Бяганская. Апранута была .. [гаспадыня] як і ўсякая вясковая жанчына, толькі яшчэ, можа, з большай няўважлівасцю да сваёй асобы. Мурашка. Заўважыўшы ці, хутчэй, адчуўшы маю некаторую няўважлівасць, Галінка змоўкла. Васілевіч.

няўва́жлівы, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якому не ўласціва неабходная ўвага; рассеяны. Няўважлівы вучань. □ Як і заўсёды, першай размову пачынае Тася. Але сёння яна на дзіва разгубленая і няўважлівая да заняткаў. Гарбук. // Які робіцца без увагі. Няўважлівае чытанне.

2. Які не выказвае ўвагі да каго‑, чаго‑н.; няветлівы. [Мікола] папракаў сябе, што быў такі няўважлівы да жонкі. Новікаў. — Тут госці, а ты за газету ўхапіўся. Нясі настойку. — І то праўда. Ах, няўважлівы. Ткачоў.

3. Такі, што не можа быць прыняты да ўвагі. Няўважлівыя прычыны.

няўва́жнасць, ‑і, ж.

Разм.

1. Уласцівасць няўважнага.

2. Няўважныя адносіны да каго‑, чаго‑н. Лабановічу хацелася, каб.. [Ядвіся] хутчэй вярнулася сюды, не з тае прычыны, што ён зараз жа збярэцца і пабяжыць да яе. Не, зусім не. Ён проста хоча паказаць ёй поўную няўважнасць да яе асобы. Колас.

няўва́жны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і няўважлівы. За няўважныя адносіны да спраў Начальнік агранома школіў. Корбан. [Антон Паўлавіч:] Вось вырасце.. [хлопчык] і не будзе такі няўважны і жорсткі, як бацька... Марціновіч.

няўвя́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.

Адсутнасць узгодненасці, увязкі; непаразуменне. Няўвязка ў рабоце. □ [Прафесары] уважліва праглядалі работы студэнтаў, рабілі заўвагі, выпраўлялі памылкі, няўвязкі, давалі парады. Дуброўскі. Рыбаку болей па душы была жывая рэальная справа з усімі ўласцівымі ёй няўвязкамі і клопатамі. Быкаў.