Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ласі́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лася, належыць яму. Ласінае мяса. Ласіны след. □ На разгалістым ласіным розе сапраўды вісеў бізун. Якімовіч.

ласі́ха, ‑і, ДМ ‑сісе, ж.

Самка лася.

ла́сіца, ‑ы, ж.

Тое, што і ласка ​2.

ласі́ца, ‑ы, ж.

Тое, што і ласіха.

ла́ска 1, ‑і, ДМ ласцы, ж.

1. Выражэнне любві, пяшчоты. Матчына ласка. □ Асенні вечар ля акон... І твае словы, жэсты, ласка Запамінаюцца бы казка Дзіцячых, бесклапотных дзён. Лойка. // Мяккасць, пяшчота, лагоднасць. — Яшчэ сядзіш, дачушка? — ад слоў бацькі, як і заўсёды, вее стрыманай ласкай і клопатам. Васілевіч. Сонца пракладае Шлях красе маёвай, Атуляе хаты Ласкай і цяплом. Журба.

2. Спачувальныя, прыхільныя адносіны, прыветлівае абыходжанне. Стары не выказаў ніякага здзіўлення з прычыны нечаканай начальніцкай ласкі. Самуйлёнак.

3. Міласць, паблажка, спагада. Не будуць сіроты Ласкі панскай прасіць!.. Танк. Байцы, забыўшы слова — страх, у смерці ласкі не прасілі. Хадыка.

•••

Без чужой ласкі — самастойна, без чужой дапамогі (зрабіць, абысціся і г. д.).

Быць у ласцы гл. быць.

Дзякуй за ласку гл. дзякуй.

Добрая ласка чыя — як пажадае хто‑н. І гэта іх [дзяцей] добрая ласка: захочуць праведаць старую маці — прыедуць... Ракітны.

З вялікай ласкі чыёй — дзякуючы каму‑н.

З ласкі чыёй — па чыйму‑н. дазволу, загаду і пад.

З ласкі на пацеху — так сабе, нізавошта; так уздумалася, так раптоўна захацелася.

Зрабі(це) ласку гл. зрабіць.

З якой (гэта) ласкі? — навошта? чаму?

Калі ласка — ветлівы зварот, ветлівая просьба, ветлівае пабуджэнне. Віця пачырванеў ад няёмкасць і далікатна прапанаваў: — Дык, калі ласка, праходзьце далей... Якімовіч.

Ласку прыняць гл. прыняць.

Мець ласку гл. мець.

На ласку — а) на добрую волю каго‑, чаго‑н.; б) ветлівы зварот. [Салдат:] — Скажы, на ласку, ці з сяла ніхто Не ўратаваўся? Танк.

Не ў ласцы — не ў гуморы, не ў настроі. — Паненка наша нешта не ў ласцы сёння, — укалола сястру Тэкля. Гартны.

Ні гневу ні ласкі гл. гнеў.

Праз ласку чыю — па чыёй‑н. віне, праз каго‑н.

Прасіць ласкі гл. прасіць.

Трапіць у ласку гл. трапіць.

Убіцца ў ласку гл. убіцца.

Як ваша (твая, яго) ласка — як вы (ты, ён) захочаце (захоча), пажадаеце (пажадае).

ла́ска 2, ‑і, ДМ ласцы; Р мн. ласак; ж.

Невялікая драпежная жывёліна сямейства куніцавых з тонкім гібкім целам. Дзед расказваў пра ласак, маленькіх вёрткіх звяркоў, якія вельмі любяць бегаць па конях, заплятаючы ў каўтуны ім грывы. Рылько.

ла́скавасць і ласка́васць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць ласкавага. Сын гаспадара лашчыў мяккасцю сваіх вачэй і ласкавасцю свайго голасу. Гартны.

2. (пераважна з націскам на другім складзе). Прыветлівае. ласкавае абыходжанне. Зморанага, пасля душэўных пакут, .. [Пецю] вельмі расчуліла і пакарыла ласкавасць Любы і гаспадыні. Шамякін. У голасе дзяўчыны чулася добразычлівасць і ласкавасць. Новікаў.

ласкаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Разм. Станавіцца больш ласкавым, лагодным, спагадлівым. Лаяў нас [дзед] невядома за што. Але потым ізноў ласкавеў. Гарэцкі.

ла́скавы і ласка́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Поўны ласкі, любві; пяшчотны. Ласкавая маці. □ Сухенькая, тоненькая, як былінка, твар увесь у зморшчынах, як печаная груша, але якая прыветная і ласкавая была гэтая бабулька! Чарнышэвіч. // Які выражае ласку, любоў, пяшчоту. Ласкавы погляд. Ласкавыя словы. □ Нарэшце з’явілася і сама Марыя Міхайлаўна. Ужо немаладая, сярэдняга росту, з прыемным і ласкавым тварам. Мяжэвіч. Адказаць не змог хлапчына На дакор дзявочы, Бо пра ўсё яму сказалі Ласкавыя вочы. Дзеружынскі.

2. Ветлівы, далікатны ў абыходжанні; прыязны. Рагіна была далікатная з твару, здатная ў постаці, спрытная да работы і ласкавая да людзей. Адамчык. Ласкавае цялятка дзвюх матак ссе. Прыказка.

3. перан. Мяккі, лагодны. Пашумліваў вецер лагодны, ласкавы. Колас. Ласкавае, спакойнае святло абедзеннага сонца залаціла пабурэлыя вершаліны бяроз і клёнаў. М. Ткачоў.

•••

Будзь ласкавы гл. быць.

На ласкавым хлебе гл. хлеб.

ласка́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Ласкавы, пяшчотны, мілагучны. Ласкальныя мелодыі. Ласкальная ўсмешка.

2. У граматыцы — які ўносіць сваёй формай адценне ласкі ў значэнне слова. Памяншальна-ласкальныя суфіксы назоўнікаў.

ласката́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; заг. ласкачы; незак., каго-што і без дап.

Абл. Казытаць. Сухая калматая травінка прыемна ласкатала худую загарэлую шчаку. Стаховіч. Вецер прабіраўся пад расхлістаную кашулю, надзімаў яе, прыемна ласкатаў цела. Гамолка.

ласка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што і без дап.

Тое, што і лашчыць. Не, няма другой такой краіны, Дзе б шырэй пралеглі пуцявіны, Дзе б так ветла далі Вабілі, ласкалі! Колас.