ласка 1, ‑і, ДМ ласцы, ж.

1. Выражэнне любві, пяшчоты. Матчына ласка. ▪ Асенні вечар ля акон... І твае словы, жэсты, ласка Запамінаюцца бы казка Дзіцячых, бесклапотных дзён. Лойка. // Мяккасць, пяшчота, лагоднасць. — Яшчэ сядзіш, дачушка? — ад слоў бацькі, як і заўсёды, вее стрыманай ласкай і клопатам. Васілевіч. Сонца пракладае Шлях красе маёвай, Атуляе хаты Ласкай і цяплом. Журба.

2. Спачувальныя, прыхільныя адносіны, прыветлівае абыходжанне. Стары не выказаў ніякага здзіўлення з прычыны нечаканай начальніцкай ласкі. Самуйлёнак.

3. Міласць, паблажка, спагада. Не будуць сіроты Ласкі панскай прасіць!.. Танк. Байцы, забыўшы слова — страх, у смерці ласкі не прасілі. Хадыка.

•••

Без чужой ласкі — самастойна, без чужой дапамогі (зрабіць, абысціся і г. д.).

Быць у ласцы гл. быць.

Дзякуй за ласку гл. дзякуй.

Добрая ласка чыя — як пажадае хто‑н. І гэта іх [дзяцей] добрая ласка: захочуць праведаць старую маці — прыедуць... Ракітны.

З вялікай ласкі чыёй — дзякуючы каму‑н.

З ласкі чыёй — па чыйму‑н. дазволу, загаду і пад.

З ласкі на пацеху — так сабе, нізавошта; так уздумалася, так раптоўна захацелася.

Зрабі(це) ласку гл. зрабіць.

З якой (гэта) ласкі? — навошта? чаму?

Калі ласка — ветлівы зварот, ветлівая просьба, ветлівае пабуджэнне. Віця пачырванеў ад няёмкасць і далікатна прапанаваў: — Дык, калі ласка, праходзьце далей... Якімовіч.

Ласку прыняць гл. прыняць.

Мець ласку гл. мець.

На ласку — а) на добрую волю каго‑, чаго‑н.; б) ветлівы зварот. [Салдат:] — Скажы, на ласку, ці з сяла ніхто Не ўратаваўся? Танк.

Не ў ласцы — не ў гуморы, не ў настроі. — Паненка наша нешта не ў ласцы сёння, — укалола сястру Тэкля. Гартны.

Ні гневу ні ласкі гл. гнеў.

Праз ласку чыю — па чыёй‑н. віне, праз каго‑н.

Прасіць ласкі гл. прасіць.

Трапіць у ласку гл. трапіць.

Убіцца ў ласку гл. убіцца.

Як ваша (твая, яго) ласка — як вы (ты, ён) захочаце (захоча), пажадаеце (пажадае).

ласка 2, ‑і, ДМ ласцы; Р мн. ласак; ж.

Невялікая драпежная жывёліна сямейства куніцавых з тонкім гібкім целам. Дзед расказваў пра ласак, маленькіх вёрткіх звяркоў, якія вельмі любяць бегаць па конях, заплятаючы ў каўтуны ім грывы. Рылько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)