нясу́шка, ‑і, ДМ ‑ншы; Р мн. ‑шак; ж.
Разм. Хатняя птушка (курыца, качка і пад.), якая нясе яйцы. Седалы і гнёзды для нясушак зрабіў Вацлаў Нехвядовіч, які аказаўся на дзіва кемлівым птушнікам. Б. Стральцоў.
нясхо́днасць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць нясходнага.
нясхо́дны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Нявыгадны, неадпаведны. Нясходная цана.
нясце́рпна,
1. Прысл. да нясцерпны.
2. безас. у знач. вык. Цяжка, немагчыма сцярпець, вынесці; невыносна. Міша і чырванеў, і бялеў ад такой размовы, і чмыхаў носам, а потым, калі ўжо вельмі стала нясцерпна, ледзь не расплакаўся. Якімовіч. Сядзець і чакаць невядома якой кары было для Сценкі нясцерпна. Хомчанка.
нясце́рпны, ‑ая, ‑ае.
Такі, які цяжка, нельга цярпець; невыносны. Нясцерпны холад. Нясцерпная спёка. □ Ад нясцерпнага болю Жодзінаў страціў прытомнасць. Мяжэвіч. Гул ішоў з неба, залітага нясцерпным сонечным ззяннем. Самуйлёнак. // Нязносны, назойлівы. Леў Раманавіч пачаў дакараць сябе. Ён, сапраўды, нясцерпны чалавек. Асіпенка.
нясці́пласць, ‑і, ж.
Уласцівасць нясціплага; нетактоўнасць.
нясці́плы, ‑ая, ‑ае.
Які не вызначаецца сціпласцю. — Ну як я?.. — спыталася.. [Лёдзя] у Кіры, не баючыся здацца нясціплай. Карпаў. // Які выкліканы нясціпласцю; які выражае адсутнасць сціпласці. [Іван:] — Прабачце, Зорык, за нясціплае пытанне. Чаму вы ўсё ж пайшлі туды працаваць? Новікаў.
нясы́тны, ‑ая, ‑ае.
Недастаткова сытны; непажыўны. Пасля .. нясытнай, але гарачай і смачнай.. стравы людзей ахапіла лянота, тая, калі не хочацца ні гаварыць, ні нават варушыцца. Асіпенка.
нясы́ты, ‑ая, ‑ае.
Які набраў мала сала, тлушчу (пра жывёлу, якая ідзе на забой). Нясытае парася.