Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мірабе́льны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і мірабелевы.

мірабілі́т, ‑у, М ‑ліце, м.

Тое, што і глаўберава соль.

[Ад лац. mirabilis — здзіўляючы.]

міравы́ 1, ‑ая, ‑ое.

1. Звязаны з устанаўленнем мірных адносін паміж спрэчнымі бакамі. Міравое пагадненне.

2. у знач. наз. мірава́я, ‑ой, ж. Мірнае вырашэнне спрэчкі, сваркі. [Алена:] — Ці не сватацца ты, Лёнік, прыйшоў? Чаму ж адзін? — Спачатку завітаў да Ады на міравую. Пасварыліся мы з ёю трошкі. — Вунь што, а яна мне нічога не сказала. Пальчэўскі.

3. У царскай Расіі і ў некаторых буржуазных краінах — звязаны з судовымі органамі, якія разбіраюць, галоўным чынам, дробныя грамадзянскія і крымінальныя справы. Міравы суд. Міравы пасрэднік. Міравы суддзя.

•••

Міравая здзелка гл. здзелка.

міравы́ 2, ‑ая, ‑ое.

Разм. Вельмі добры, цудоўны. — Капітан наш міравы! — задаволена паціраючы рукі, з юначым запалам хваліцца лейтэнант. Васілевіч. [Шэмет:] — Пагодка, я, гляджу, заўтра міравая будзе. Лобан.

мірае́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Разм. пагард. Той, хто жыве з чужой працы; кулак, эксплуататар. Першым быў схоплены [паліцаямі] Стась Галубоўскі, член сельскага савета, які дзяліў паміж сялянамі зямлю пана Скірмунта і такіх міраедаў, як Кандыба. Чарнышэвіч.

мірае́дскі, ‑ая, ‑ае.

Разм. пагард. Які мае адносіны да міраеда, міраедаў, уласцівы ім. Міраедская хцівасць.

міра́ж, ‑у, м.

1. Аптычная з’ява ў атмасферы, пры якой на гарызонце ўзнікаюць уяўныя адлюстраванні далёкіх наземных прадметаў або ўчасткаў неба ў выніку заломвання сонечных праменняў у нераўнамерна нагрэтых слаях атмасферы. І раптам Засмужац перад сабой убачыў агеньчык. Ён не паверыў, нават напалохаўся, з трывогай падумаў, што гэта міраж. Мележ.

2. перан. Тое, што не адпавядае рэчаіснасці, тое, што не можа здзейсніцца. Штодзень святлей, шырэй разлогі, І гэта не міраж. Ідуць-бягуць шляхі-дарогі, змяняецца пейзаж. Пушча.

міра́жны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да міражу.

міра́кль, ‑я, м.

Сярэдневяковы вершаваны драматычных твор рэлігійнага характару.

[Ад лац. miraculum — цуд.]

міралюбі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць міралюбівага.

міралюбі́вы, ‑ая, ‑ае.

Які любіць мір, згоду, не схільны да сваркі, вайны. Міралюбівыя краіны. // Заснаваны на імкненні захаваць мір, мірныя адносіны; дружалюбны. Міралюбівае пагадненне. Міралюбівая палітыка.