Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

успы́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Раптоўна і хутка загарэцца. Успыхнула запалка. Успыхнуў порах. □ Вось успыхнуў другі танк, сэрца капітана Каржыцкага радуецца. Гурскі. // Ярка засвяціцца. Гусцей паплыў дым, і скора вясёлы агеньчык успыхнуў полымем. Колас. Уперадзе, недзе на шашы, успыхнулі агні фар і, нібы спалохаўшыся цемнаты, адразу згаслі. Пташнікаў. // Пачаць ярка блішчаць, ззяць. Ледзь зара ўспыхне над зямлёю, На заводы йдуць працаўнікі. Калачынскі. // Раптоўна пачырванець, расчырванецца. Пані рухава ўсхапілася з крэсла, жоўты твар яе ўспыхнуў. Якімовіч. Твар жанчыны ўспыхнуў чырванню, відаць было, што ёй не да спадобы прыйшлося сказанае Сяргеем Іванавічам. Марціновіч.

2. Раптоўна ўзнікнуць, пачацца. На досвітку ўспыхнуў бой на Нёмане. Брыль. — Ну добра, добра, не бубні, я ўжо чула, абедай во, — сказала Лізавета, не жадаючы, каб у час яды ўспыхнула сварка. Ермаловіч.

3. Нечакана расхвалявацца, раззлавацца. Бачачы маю разгубленасць, жонка яшчэ больш успыхнула: — Думаеш, што я дурная, глухая і нічога не бачу, не чую?.. Карпюк.

успы́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Раптоўнае загаранне, непрацяглы бляск, нядоўгае ззянне. Успышка бензіну. □ Зноў на рэйках нікога няма, а ад участка да ўчастка пакаціліся вогненныя ўспышкі. Васілеўская. Нечакана вокны ад агароду асвяціліся імгненнай успышкай маланкі. Даніленка. І следам за ўспышкай зарніц Даносіла ветрам здалёку Дыханне бурлівых крыніц. Кірэенка.

2. Раптоўнае кароткачасовае і моцнае праяўленне чаго‑н. Успышка тыфу. □ Яркімі ўспышкамі паўстаюць у маёй памяці абразкі самага ранняга дзяцінства. Бядуля. // Нечаканае праяўленне раздражнення, абурэння. Валенда панура маўчаў. Успышка гневу не зрабіла яго цвярозым. Асіпенка.

успява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да успець.

усса́джаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад уссадзіць.

усса́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да уссадзіць.

уссадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак.

1. каго. Падняўшы, пасадзіць, паставіць на што‑н. [Боганчык:] — Я вам не Янук. Янука ўссадзілі на калёсы, дык яму... усё роўна, ці ў камендатуру, ці на могілкі пад Сушкава... Пташнікаў. // Дапамагчы каму‑н. узабрацца на што‑н. высокае. Уссадзіць на стог сена.

2. што. Шчыльна пасадзіць, надзець на што‑н. Уссадзіць сякеру па тапарышча. // Разм. З цяжкасцю адзець што‑н. цеснае, вузкае. Наперадзе.. смешна скакала на адной назе маленькая дзяўчынка — ніяк не магла ўссадзіць скінуты чаравік. Хадановіч.

уссе́сці, ‑сяду, ‑сядзеш, ‑сядзе; пр. уссеў, ‑села; заг. уссядзь; зак.

Разм.

1. Наваліцца ўсім сваім цяжарам. Урэшце Кастусь заламаў Віцю рукі і ўссеў яму на спіну. Марціновіч.

2. Сесці куды‑н., на што‑н. у вялікай колькасці. Яны беглі падскокваючы. Зазяваешся — мурашкі адразу ўссядуць на ногі і пачнуць шчыпаць. Ваданосаў.

3. З лютасцю напасці. Вось тут на мяне і ўссела зграя раз’юшаных вясковых сабак і давай калашмаціць. Сяргейчык.

4. перан. Неўзлюбіўшы каго‑н. або раззлаваўшыся на каго‑н., папракаць, чапляцца да каго‑н. [Зорын:] — Вы будзеце ў мяне рабіць, як міленькі!.. Я вас прымушу!.. Гэта ж трэба, першакласны слесар, на кране адседжваецца... Ганьба!.. — Дарэмна вы на яго ўсселі, — спагадліва гаварыў Мюлер. — Стары чалавек... Гурскі.

•••

Уссесці па карак (шыю) каму — тое, што і сесці на карак (шыю) каму (гл. сесці).

Чорт уссеў на каго гл. чорт.

уссо́ўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. уссоўваць — уссунуць.

уссо́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да уссунуцца.

2. Зал. да уссоўваць.

уссо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да уссунуць.