стрэ́ча 1, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і сустрэча. Сцяжына песні, вядзеш куды ты Шырокім полем, высокім жытам? Якую стрэчу за небакраем, Якую радасць ты абяцаеш?.. Танк. Калі нас куля праміне, Мы адсвяткуем нашу стрэчу. Астрэйка. Васіль быў таксама, вельмі ўражаны гэтай нечаканай стрэчай: яму стала горача, у роце адразу зрабілася суха; рукі выпусцілі лейцы. Савіцкі.
стрэ́ча 2, ‑ы, ж.
У выразах: у першай стрэчы (абл.) — дваюрадны (брат, сястра, цётка, дзядзька); у другой стрэчы (абл.) — траюрадны (брат, сястра, цётка, дзядзька); у трэцяй стрэчы (абл.) — пра далёкае сваяцтва. Хлопцы смяюцца: — Што ты, цётка Марфа. Старшыня сельсавета ў двары. Ён цябе ў турму ўпячэ. — Алеська? Не ўпячэ. Я яму цётка. Хоць у трэцяй стрэчы, але цётка. Шамякін.
стрэ́чны 1, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і сустрэчны. Дзядзька збіўся з ног, шукаючы на калгасным жарэбчыку хлопца: злётаў на паром, быў на станцыі, перачытаў усіх стрэчных... Сачанка.
стрэ́чны 2, ‑ая, ‑ае.
Абл. Тое, што і стрыечны. [Гаруе:] — Я ж ужо тады гаварыў вам, як гаварыў, што ведаю пра вас з ліста вашай стрэчнай сястры Галены. Чорны.
стрэ́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
1. Памянш.-ласк. да страха. Стары хлявец без падваротні, Гумно са стрэшкай пасівелай, Абросшай мохам, абапрэлай, Прыгрэбнік, хата — ўсё дачыста Казала ясна, галасіста Аб непарадку, запусценні. Колас.
2. Невялікая страха. [Дзед:] — Я ж учора тупаў каля гэтага вулля. Думаў адчыніць нават стрэшку, праверыць, ці няма там якіх навін. Якімовіч.
3. Навес (у калодзежы і пад.). Блізка ад вуліцы проці першага ганка стаяла студня са стрэшкай, зробленай з новых, жоўтых, пагабляваных сасновых цалёвак. Пташнікаў. А гаспадыні ўжо поркаліся на летняй кухні, пад стрэшкай. Шамякін.