няспе́ласць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан няспелага.
няспе́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не дасягнуў спеласці, не з’яўляецца спелым. Мы патрапілі на .. імхі з няспелымі чырвона-белымі журавінамі. Бядуля. Дыхнуў ветрык, і ціха загаманілі няспелыя каласкі. Федасеенка.
2. перан. Які не дасягнуў поўнага развіцця, сталасці. Даруйце ім іхнюю віну, старыя дубы, — яна ад маладой крыві і няспелага розуму. Навуменка. // Які сведчыць аб нявопытнасці, недастатковым майстэрстве; недасканалы. Няспелая думка. □ Пасля вайны, вярнуўшыся дахаты, Хто-небудзь, можа, знойдзецца такі, Хто роднай Беларусі ў часе свята Аддасць мае няспелыя радкі. Аўрамчык.
няспе́шны, ‑ая, ‑ае.
Які робіць што‑н. без спеху (пра чалавека). Няспешны ў рухах, разважлівы, заўсёды з усмешкай, лагоднай і хітраватай, Макар Сяргеевіч падабаўся людзям. Шыцік. // Які адбываецца без спеху; павольны, спакойны. Няспешная гутарка. Няспешная гульня. □ Аляксей Іванавіч увайшоў у пакой цяжкім няспешным крокам. Шашкоў. // Які не патрабуе спешнага выканання. Няспешная работа.
няспо́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не спорыцца, не ладзіцца. Не любіць Юзік гэтай работы. Не таму толькі, што яна вельмі цяжкая: няспорная надта. За пусцяковыя вынікі траціцца чорт што сілы і часу. Крапіва. // Нявыгадны ў гаспадарчых адносінах. Няспорнае насенне бульбы.
2. Не густы, не часты (пра дождж, снег і пад.). Пайшоў няспорны дождж. Мележ.
няспра́ўджаны, ‑ая, ‑ае.
Які не спраўдзіўся, не збыўся. Няспраўджаная задума. Няспраўджаныя мары.
няспра́ўнасць, ‑і, ж.
Стан няспраўнага; пашкоджанне чаго‑н. Няспраўнасць тэлевізара. □ Павел параіў хлопцам схадзіць дадому павячэраць і вярнуцца, пакуль ён будзе шукаць няспраўнасць у маторы. Гроднеў.
няспра́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае пашкоджанні; сапсаваны. Прыёмнік быў няспраўны. Новікаў. — Ламачына, а не малатарня. Ды к таму і прывод няспраўны, — злосна буркнуў Бабейка. Хадкевіч.
2. Неакуратны, нядобрасумленны ў выкананні сваіх абавязкаў, даручэнняў і пад. Няспраўны плацельшчык.
няспры́тнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць няспрытнага. Сабіна глядзела на мужа, і брала яе зайздрасць. Яна нават крыху злавала на сваю няспрытнасць у.. грыбной справе. Сабаленка.
няспры́тны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае спрыту ў рухах; непаваротлівы, нялоўкі. Загрубелыя і няспрытныя пальцы .. [Аксёна] з намаганнем трымалі асадку, сціскаючы яе, як абцугамі. Колас. Без работы .. [Цімох] быў марудны, няспрытны, а на працы, калі яна прыходзілася яму па душы, кіпеў. Савіцкі.