стрэ́савы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да стрэсу. Стрэсавая сітуацыя. У стрэсавым стане.
стрэ́сванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. стрэсваць — стрэсці.
стрэ́свацца, ‑аецца; незак.
Зал. да стрэсваць.
стрэ́сваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да стрэсці.
стрэ́сены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад стрэсці.
стрэ́сці, страсу, страсеш, страсе; страсём, страсяце; пр. строс, стрэсла; зак., каго-што.
1. Трасучы, скінуць што‑н. Доўнар адвярнуўся, рухамі плячэй строс снег з каўняра і .. зняў футра. Дуброўскі. Дрэмле ветрык і на ўзвышшы Нават кветкі не калыша, Не страсе расы. Колас.
2. Трасучы, змяшаць разам. Стрэсці сена з саломай.
стрэ́сціся, страсецца; пр. стрэслася; зак.
Разм. Здарыцца, адбыцца. А .. [сяляне] ж цяпер самі — улада. Толькі адкрый ім вочы, каб паверылі ў сябе, каб зразумелі, што стрэслася ў свеце. Грахоўскі.
стрэ́ты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад стрэць.
стрэ́цца, стрэ́нуся, стрэ́нешся, стрэ́нецца; зак.
Разм. Тое, што і сустрэцца. Часта бачу, Трывожная, у сне, Як праводзіць мяне ён Дадому. А не знаю, Ці прыйдзецца мне Стрэцца з другам сваім невядомым. Дзеружынскі. Ужо за парогам Цімошка азірнуўся, стрэўся вачыма з Зосяй. Хомчанка. Лепей з воўкам у лесе стрэцца, як на панскай печы грэцца. Прыказка.
стрэць, стрэ́ну, стрэ́неш, стрэ́не; зак., каго-што.
Разм. Тое, што і сустрэць. Нас жа стрэнуць у вёсцы, У палескай, у новай, Пасланцоў маладосці Самым ветлівым словам. Нядзведскі. Цяпер жа, пасля гэтага разладу з-за дзічкі, [Платон] стрэў [Марыну] са злосцю: — Га! Прыйшла коза да воза!.. Ракітны.