нясла́ва, ‑ы, ж.
Благая слава, ганьба. Прыйшла дачка. Пакінуў муж — Свавольніца яна. Няслава бацьку. А каму ж? А ў чым яго віна? Непачаловіч.
нясла́віцца, ‑віцца; незак.
Зал. да няславіць.
нясла́віць, ‑слаўлю, ‑славіш, ‑славіць; незак., каго-што.
Сваімі паводзінамі, учынкамі ўзводзіць няславу на каго‑н.; ганьбіць. [Гаспадыня:] — Плёткі гэта! Мой сын дваранін, а яна што? З ёй не стане свайго імя няславіць... Галавач. [Старая:] — Лепш мяне, калі хочаш, забі, а дзіця не дам няславіць. Грахоўскі. // Абражаць пры людзях чый‑н. гонар; распаўсюджваць плёткі, якія ганьбяць каго‑, што‑н. От жа стаіць Лявон і слухае, як сын абражае, няславіць маці, і адно толькі твар у старога балюча перасмыкаецца. Сабаленка.
нясла́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які варты асуджэння; ганебны. Бандытаў загінуць прымусілі, Прыйшла ім няслаўная смерць. Броўка.
няслу́шнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць няслушнага. Няслушнасць заўваг.
2. Памылковасць думак, учынкаў. Усвядоміць няслушнасць сваіх меркаванняў. □ Панцеляймон Мікалаевіч рэзка крытыкаваў дробнабуржуазныя асветніцкія погляды, даказваў няслушнасць довадаў тых, хто выступаў супроць політэхнівацыі, за «чыстую» навуку. Лушчыцкі.
няслу́шны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае дастатковых падстаў; неабгрунтаваны. Няслушныя довады.
нясма́чна,
1. Прысл. да нясмачны.
2. безас. у знач. вык. Без апетыту. Нясмачна было есці сухі хлеб. // перан. Разм. Непрыемна, не па душы. [Шэмет:] — Ну, едзь у горад. Ты ж ужо быў там. Людзі ж там жывуць, робяць, а табе нясмачна стала. Лобан.
нясма́чны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае прыемнага смаку. Сяргею хацелася есці, але ўсё, што стаяла на стале, было, здаецца, перасоленым, недавараным і такім нясмачным, што нават расло ў роце. Адамчык.
нясме́ласць, ‑і, ж.
Уласцівасць нясмелага; адсутнасць смеласці. Васіль вырас. Ён стаў шчыры і сумленны, але тая дзіцячая скаванасць, нясмеласць асталіся. Ваданосаў.
нясме́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не вызначаецца смеласцю; сарамлівы. Прыехаў я ў Мінск як самы сапраўдны правінцыял: нясмелы, непаваротлівы, сарамяжы. Скрыган. Каля Дубравінай Косця заўсёды станавіўся нясмелы і негаваркі. Карпюк. // Які выражае адсутнасць смеласці. На нясмелы стук у дзверы Стафан падышоў і спытаў: — Хто там? Колас.
2. перан. Які слаба праяўляецца. Недзе далёка-далёка грымеў першы нясмелы гром. Асіпенка. Прарваліся аднекуль нясмелыя промні сонца. Лынькоў.