Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ды́хацца, ‑аецца; безас. незак., без дап. і чым.

Пра магчымасць дыхаць, умовы для дыхання. Лёгка дыхалася на ўлонні прыроды. Шахавец. І хоць нейкае нечуванае багацце раптоўна і не прыйшло, але праз усе гады добра елася і пілося, добра працавалася і слаўна дыхалася цудоўным скіп’ёўскім паветрам. Чорны.

ды́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і дыша; незак.

1. Паглынаць спецыяльнымі органамі кісларод, неабходны для жыццядзейнасці арганізма. Дрэвы дыхаюць лісцем, рыбы — жабрамі, чалавек і жывёлы — лёгкімі. // Убіраць і выпускаць паветра лёгкімі, рабіць удых і выдых. Чалавек дыхаў на поўныя грудзі, час ад часу паціраў азяблыя плечы. Шыцік. Коні нашы былі ў мыле, цяжка дыхалі. Якімовіч. // Выпускаць струмень паветра з лёгкіх на каго‑, што‑н.; хукаць. [Мікола] узяў халодныя жончыны рукі і пачаў дыхаць на іх. Новікаў. [Колька] горача дыхаў маці на шчаку, смяяўся, песціўся, не ведаў, як яшчэ выказаць сваю бадзёрасць і дзіцячую бестурботнасць. Кулакоўскі.

2. перан. Вылучаць, распаўсюджваць што‑н. Цёплая ноч поўнілася звонкімі пералівамі салаўіных галасоў, дыхала пахамі траў і кветак. Дудо. Ліпа цвіла і дыхала мёдам. Чыгрынаў. // перан. Выяўляць адзнакі жыцця, дзейнасці. За светлым.. залівам жыў, дыхаў горад — дымам паравозаў, комінаў, параходаў каля прычалаў. Шамякін.

3. перан.; кім-чым. Бачыць у кім‑, чым‑н. мэту свайго існавання; поўнасцю аддавацца каму‑, чаму‑н. Песцяць дачку, псуюць яе. Як жа, адзіная дачка, толькі ёю і дыхаюць. Лынькоў.

4. перан.; чым. Жыць, апіраючыся на што‑н. раней набытае. Чаму навучыўся раней, толькі тым і дыхае.

5. перан. Быць прасякнутым чым‑н., выражаць што‑н. Агнём і полымем замілавання і нянавісці дыхаюць творы Віктара Гюго. Чорны.

6. перан. Разм. Угінацца, прагінацца (пра памост, дрыгву і пад.). От ужо.. [Тварыцкі] сышоў уніз, дзе няма кустоў, дзе сцежка дыхае пад нагамі. Чорны.

•••

Дыхаць на ладан — быць цяжка хворым, пры смерці.

Ледзь дыхаць — тое, што і дыхаць на ладан.

Не дыхаць — маўчаць, стаіўшы дыханне. Крокі і шолах даўно ўжо сціхлі, а хлопцы ўсё яшчэ ляжалі ў сваёй засадзе і не дыхалі. Маўр.

Чым дыхае (дыша) хто — чым цікавіцца, якімі інтарэсамі жыве.

дыхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Разм. Зрабіць удых і выдых. Баючыся дыхнуць, .. [Зося] палажыла руку пад падушку. Чорны. Не мала прайшло часу, пакуль, нарэшце, з рота і носа Казіка пайшла вада. Яшчэ некалькі хвілін, і ён дыхнуў. — Аджыў, бедненькі, — сказала бабка Аксіння і заплакала. Чарнышэвіч. // Падыхаць. Раптам захацелася мне дыхнуць полем, выскачыць на вясенні прастор. Ракітны. // Выпусціць ротам струмень паветра пры гаворцы. — На страху глядзі, на страху, — дыхнуў .. [Юрку] у самае вуха Сяргей. Курто.

2. чым і без дап. Павеяць, падзьмуць. Яшчэ сняжком Зямлю не замяло, Ды халадком дыхнулі ўжо Абшары. Макаль. Прайшоўся, дыхнуў цёплы вецер па двары, патрывожыўшы лісце таполяў. Лупсякоў. / у безас. ужыв. Акно адразу ж адчынілася, і ў твар дыхнула свежасцю. Сачанка. // перан. Узрушыць, выклікаўшы якое‑н. пачуццё, абудзіўшы ўспаміны. Кожнаму на момант дыхнула ў душу сваімі жахамі перажытая вайна. Пестрак. / у безас. ужыв. Кастусь піў бярозавік, настоены на скарынках хлеба, і на яго раптам дыхнула далёкім бесклапотным маленствам. С. Александровіч.

•••

Баяцца дыхнуць гл. баяцца.

Вольна дыхнуць — адчуць поўную свабоду, вызваліўшыся ад чаго‑н. непрыемнага, гнятлівага.

Дыхнуць на поўныя грудзі — тое, што і вольна дыхнуць.

(Не) даць дыхнуць каму гл. даць.

Некалі (няма калі) дыхнуць гл. некалі.

дыхраі́зм, ‑у, м.

Спец. Двухколернасць, уласцівасць анізатропных цел (напрыклад, крышталяў) выяўляць розную афарбоўку ў белым святле ў залежнасці ад таго, у якім кірунку праз іх глядзець.

[Ад грэч. di — двойчы і chróa — колер.]

дыхт, ‑у, м.

У выразе: даць дыхту гл. даць.

дыхто́ўны, ‑ая, ‑ае.

Абл. Вельмі добры, высокай якасці. Гэта быў харошы, дыхтоўны чамадан. Караткевіч.

дыхце́ць, ‑ціць; незак.

Абл. Павяваць, дыхаць. Кастусь Прыбыткоўскі ляжаў тварам угару, у сонца, адкуль, як з распаленай печы, дыхцела гарачая задуха. Чорны.

ды́шаль, ‑шля, м.

1. Жэрдка, прымацаваная да сярэдзіны пярэдняй восі калёс пры парнай запрэжцы. // Такая жэрдка ў калёсным сельскагаспадарчым інвентары для злучэння яго з трактарам або іншай машынай.

2. Жалезная выгнутая пласціна ў плузе, да пярэдняга канца якой прымацоўваецца ворчык. Стары Карповіч падвёў каня да свайго загону, усадзіў плуг у баразну, сеў на дышаль, закурыў, пачаў чакаць. Карпюк.

[Польск. dyszel.]

ды́шальны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дышля. Дышальная запрэжка.

ды́шлевы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і дышальны.