ста́ршы, ‑ая, ‑ае.
1. Які стаіць вышэй у параўнанні з кім‑н. па званню, пасадзе, службоваму становішчу. Старшая медыцынская сястра. Старшы навуковы супрацоўнік. Старшы пілот. □ Кастусь быў старшым радыстам: усе сакрэтныя шыфры знаходзіліся ў яго. Ваданосаў.
2. у знач. наз. ста́ршы, ‑ага, м.; ста́ршая, ‑ай, ж. Той, хто стаіць на чале якой‑н. групы людзей; начальнік. Трэба выбраць старшага, — сказаў .. [Красуцкі]. — Магчыма, я буду адлучацца, ён мяне заменіць. Навуменка. Над паляўнічымі ў раёне .. [Булка] быў старшы: правяраў білеты, прысылаў позвы. Пташнікаў. — Ага, Ланкевіч, — заўважыў яго старшыня. — Добра, што прыйшоў. Бяры харчу на тыдзень і зараз жа паедзеш на аб’ект. Стаўлю цябе старшым. Асіпенка.
3. Такі, які блізкі да выпуску, да заканчэння вучобы (пра клас, курс і пад. у навучальнай установе). Вучні старшых класаў рабілі кармушкі для птушак, шпакоўні. «Беларусь».
•••
Старшы лейтэнант гл. лейтэнант.
старшына́, ‑ы; мн. ‑шыны, ‑шын; м.
1. Самае высокае званне малодшага начальніцкага саставу Савецкай Арміі і ваенна-марскога флоту. Старшына роты. // Асоба, якая мае гэтае званне.
2. Уст. Да рэвалюцыі — выбарная асоба, якая кіравала справамі якой‑н. саслоўнай арганізацыі, прафесійнага аб’яднання і пад. Валасны старшына.
•••
Вайсковы старшына — да рэвалюцыі — афіцэрскі чын у казацкіх войсках Расіі, які адпавядаў падпалкоўніку.
старшынёў, ‑ева.
Які належыць старшыні. Тодар, не чакаючы старшынёвага адказу, пералез цераз высокі новы плот і, прыжмурыўшыся, акінуў гарод вачыма: — Так... Пачнём ад мяжы... Пташнікаў.
старшынёўскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да старшыні, належыць яму. Паволі .. [Дэлегат Асамблеі] ішоў праз напоўненую залу да трыбуны, якая ўзвышаецца перад старшынёўскім сталом. Кавалёў. Хто дае: старшынёўскі абед не тады, калі людзі абедаюць, а калі справы адпусцяць. Ракітны.
старшынёўства, ‑а, н.
Выкананне абавязкаў старшыні; пасада старшыні. У тыя часы райкалгассаюзы праводзілі вялікую работу па калектывізацыі, і Івану Міхайлавічу вельмі спатрэбіўся практычны вопыт, набыты за час старшынёўства ў камуне. Палтаран.
старшыні́ха, ‑і, ДМ ‑нісе, ж.
Разм. Жонка старшыні. [Лена:] — Скажыце, калі ласка, ці яшчэ старшыні не было? — Не. Сёння ў яго раённае начальства. Дык у канторы, — адказала старшыніха. Ваданосаў.
старшы́нскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да старшыны. Старшынскі састаў. Старшынскія пагоны.
старшы́нства, ‑а, н.
Пасада, званне старшыні 1.
старшы́нстваваць, ‑ствую, ‑ствуеш, ‑ствуе; незак.
Знаходзіцца на пасадзе старшыні, выконваць функцыі старшыні. Старшынстваваў Якім у адным калгасе ў суседнім раёне. Корбан. Сеў старшынстваваў, кіраваць сходам таварыш Грамовіч. Шынклер. / у паэт. ужыв. Старшынствуе маё пакаленне — Не адзін аднакашнік мой Сёння ўладна трымае ў жмені Ніць пазіцыі ключавой. Арочка.