старшы, ‑ая, ‑ае.
1. Які стаіць вышэй у параўнанні з кім‑н. па званню, пасадзе, службоваму становішчу. Старшая медыцынская сястра. Старшы навуковы супрацоўнік. Старшы пілот. ▪ Кастусь быў старшым радыстам: усе сакрэтныя шыфры знаходзіліся ў яго. Ваданосаў.
2. у знач. наз. старшы, ‑ага, м.; старшая, ‑ай, ж. Той, хто стаіць на чале якой‑н. групы людзей; начальнік. Трэба выбраць старшага, — сказаў .. [Красуцкі]. — Магчыма, я буду адлучацца, ён мяне заменіць. Навуменка. Над паляўнічымі ў раёне .. [Булка] быў старшы: правяраў білеты, прысылаў позвы. Пташнікаў. — Ага, Ланкевіч, — заўважыў яго старшыня. — Добра, што прыйшоў. Бяры харчу на тыдзень і зараз жа паедзеш на аб’ект. Стаўлю цябе старшым. Асіпенка.
3. Такі, які блізкі да выпуску, да заканчэння вучобы (пра клас, курс і пад. у навучальнай установе). Вучні старшых класаў рабілі кармушкі для птушак, шпакоўні. «Беларусь».
•••
Старшы лейтэнант гл. лейтэнант.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)