Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

звяза́ць, звяжу, звяжаш, звяжа; зак., каго-што.

1. Змацаваць, злучыць канцы чаго‑н., завязаўшы вузлом або прывязаўшы адзін да аднаго. Ды зрабілі хлопцы з толкам, абышлася без вяроўкі: паяскі свае сабралі, у адзін усе звязалі. Дубоўка. Кажуць, нехта спрабаваў змераць .. глыбіню [вадаёма], чацвёра лейцаў звязаў, ды так і не дастаў да дна нават ля берага. Шашкоў.

2. Змацаваць якія‑н. прадметы, перавязаўшы або абвязаўшы іх чым‑н.; перавязаўшы, злучыць у што‑н. Звязаць сноп. Звязаць венік. □ З вялікай вадой трэба было ўправіцца звязаць плыты і адагнаць іх на Вілію, а там у Вільню ці далей... С. Александровіч. // Сабраўшы разам, увязаць у што‑н. [Лёдзя] звязала сваю вопратку ў клуначак, перадала маці, пацалавалася з ёю і ступіла за страшныя дзверы. Карпаў.

3. Спец. Змацаваць (часткі, дэталі чаго‑н.) вяжучым рэчывам або пры дапамозе рубкі. Звязаць гальку вапнай. Звязаць кроквы.

4. Прывязаць адну да другой рукі, ногі, пазбавіўшы каго‑н. свабоды рухаў. Ліда адшпіліла ад сукенкі свой пояс, і Данька звязаў ім Ляксею на спіне рукі. Ермаловіч. // перан. Пазбавіць магчымасці свабодна дзейнічаць; паставіць у залежнасць ад каго‑, чаго‑н. Звязаць чыю‑н. ініцыятыву. Звязаць сябе сям’ёй.

5. Наладзіць зносіны паміж чым‑н. з дапамогай сродкаў сувязі або дарог. Звязаць вёску тэлефоннай сувяззю з райцэнтрам. □ Мы цуды стваралі: раскінулі стужкі наўкол магістраляў, было ў нас багата і хлеба, і сталі. Мы Волгу з Масквою навекі звязалі... Машара. // З’явіцца, стаць сродкам сувязі паміж чым‑н. Ленінскі праспект звязаў сістэму цэнтральных плошчаў з плошчай ля Дома ўрада. Карпаў.

6. Наладзіць сувязь каму‑н. з кім‑, чым‑н. Мяне звязалі з адным нашым чалавекам, падпольшчыкам, які жыў у невялікім чыгуначным гарадку. Навуменка. — Звяжыце мяне з партызанамі. Мне трэба перадаць ім важную вестку, трэба папярэдзіць іх, — нарэшце выказала сваю просьбу Галіна Якаўлеўна. Шахавец. // Цесна аб’яднаць, стварыць з кім‑н. што‑н. агульнае. Звязала.. [Авяліна] свой лёс з панам Булыгам, кажуць, па разліку. Бажко.

7. Аб’яднаць чым‑н. у адно цэлае. Звязаць навелы адзіным сюжэтам. // з чым. Спалучыць як часткі аднаго цэлага. Звязаць асабістыя інтарэсы з грамадскімі. Звязаць навуку з практыкай.

8. Паставіць у якую‑н. залежнасць ад чаго‑н., у якія‑н. адносіны да чаго‑н. Звязаць развіццё вытворчасці з патрэбамі спажывання. // перан. Аб’яднаць у думках, вызначыць якую‑н. залежнасць паміж адным і другім. [Нічыпара] прызначылі загадчыкам млына. Гэтае павышэнне Нічыпар звязаў з заметкай у газеце. Асіпенка.

9. Зрабіць што‑н. вязаннем. Звязаць рукавіцы. Звязаць панчохі.

10. У хіміі — вывесці са свабоднага стану. Звязаць свабодны азот атмасферы.

•••

Двух слоў не звяжа — пра таго, хто не ўмее прыгожа, звязна гаварыць, выказваць свае думкі.

Звязаць па руках і нагах каго; звязаць рукі каму — пазбавіць магчымасці дзейнічаць свабодна.

Звязаць сябе вузамі Гіменея — уступіць у шлюб.

звя́зачны, ‑ая, ‑ае.

Які з’яўляецца звязкай (у 3 знач.). Звязачныя тканкі.

звя́званне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. звязваць — звязаць.

звя́звацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да звязацца.

2. Зал. да звязваць (у 1 знач.).

звя́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Незак. да звязаць (у 1–8 і 10 знач.).

2. без дап. Мець вяжучыя ўласцівасці. Вапна звязвае.

звя́зка, ‑і, ДМ ‑зцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. звязваць — звязаць (у 2 знач.).

2. Некалькі аднародных прадметаў, звязаных разам. Звязка ключоў. Звязка кніг. Звязка гранат. // Група альпіністаў, якія ідуць адзін за адным, звязаўшыся вяроўкай.

3. Сухажылле, якое змацоўвае часткі шкілета або асобныя органы цела. Расцяжэнне звязак. Мышачныя звязкі.

4. Частка суджэння, якая злучае суб’ект з прэдыкатам. Адмоўная звязка.

5. Дапаможны дзеяслоў, які з’яўляецца часткай састаўнога выказніка. Дзеяслоў-звязка «быць».

•••

Галасавыя звязкі — дзве эластычныя складкі на ўнутранай паверхні сценак гартані, якія служаць для ўтварэння гуку.

звя́знасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць звязнага. Звязнасць думак.

2. Ступень счаплення часцінак глебы. Звязнасць глебы. // Ступень вязкасці вяжучага рэчыва. Звязнасць вапны.

звя́знік, ‑а, м.

Спец. Частка тычынкі, якая злучае палавінкі пыльніка.

звя́зны, ‑ая, ‑ае.

1. Добра і паслядоўна выразаны, лагічны (пра выступленне, прамову і пад.). Звязнае выступленне. Звязны адказ. // Суцэльны (пра тэкст). Звязны тэкст дыктанта.

2. Які мае звязнасць (у 2 знач.). Звязная глеба.

звяк 1, ‑у, м.

Рэзкі металічны ці шкляны гук. У тры рады павозкі, На сотні вёрст абоз: Дубовых спіцаў лёскат, І звяк старых атос. Пушча. У пакой урываецца свежы подых паветра, востры пах зямлі і зеляніны, шкляны звяк кропель і — радасць. Скрыган.

звяк 2, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца ў значэнні дзеясловаў звякаць і звякнуць.