Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цэйтно́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да цэйтноту, звязаны з цэйтнотам. Цэйтнотная памылка.

цэйхга́уз, ‑а, м.

Уст. Ваенны склад зброі і абмундзіравання. — Давялося .. [Паскевічу] на свечку напляваць, а порах здаць у цэйхгауз. Караткевіч.

[Ад ням. Zeug — зброя і Haus — дом.]

цэйхга́узны, ‑ая, ‑ае.

Уст. Які мае адносіны да цэйхгауза. Цэйхгаузны дазорац.

цэ́ласнасць, ‑і, ж.

Стан цэласнага; цэльнасць. Тэрытарыяльная цэласнасць. □ Надзвычайная цэласнасць светаадчування, багацце пачуццяў.. — вось што характарызуе творы Я. Коласа. Адамовіч.

цэ́ласны, ‑ая, ‑ае.

Які ўяўляе сабой унутранае адзінства; адзіны, цэлы. Цэласнае ўражанне. Цэласная натура. □ У лепшых сваіх творах паэт дасягае адзінства паміж формай і зместам, а гэта робіць твор цэласным і сапраўды мастацкім. «Полымя».

цэласта́т, ‑а, М ‑таце, м.

Спец. Астранамічны прыбор з плоскім рухомым люстрам (сістэмай люстраў), які служыць для назірання за Сонцам і іншымі нябеснымі свяціламі, што перамяшчаюцца ў выніку бачнага сутачнага вярчэння нябеснай сферы.

[Ад лац. caelum — неба і грэч. statós — нерухомы.]

цэ́ласць, ‑і, ж.

1. Непашкоджанасць, некранутасць каго‑, чаго‑н. Гунава прыслаў запіску, што Сімон можа выехаць у Сагвасаліо хоць заўтра, паблажліва гарантуючы абсалютную цэласць ягонай асобы. Самуйлёнак.

2. Адзінства, звязанасць усіх частак чаго‑н.; цэльнасць, цэласнасць. Не было цяпер і той цэласці і яснасці, з якой жыў.. [Лабановіч] тут у першыя дні свайго прыезду. Колас.

цэлафа́н, ‑у, м.

Празрыстая плёнка з віскозы, якая выкарыстоўваецца для ўпакоўкі. Лакіна адкрыла сакваяж, выцягнула загорнутыя ў цэлафан кулі і патрон. Асіпенка.

[Ад слова цэлюлоза і грэч. phanós — светлы.]

цэлафа́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да цэлафану; зроблены з цэлафану. Асабліва зацікавіла гасцей цэлафанавая стрэшка. Пад такімі стрэшкамі вырошчваюцца маладыя расліны. Дубоўка.

цэлесці́н, ‑у, м.

Бясколерны ці шэра-блакітны мінерал з класа сульфатаў; серна-кіслы стронцый.

[Ад лац. caelesits — нябесны.]