Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

стагакі́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Сельскагаспадарчая машына для складання стагоў, сціртаў, а таксама для пагрузкі коп на машыны. [Лёня:] — Я бачу, хто такі няўрымслівы — трактарыст са стагакіда. Місько.

стагна́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. стагнаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Ночы цяпер стаялі зорныя .. і да самай раніцы чуліся тут: моцны шэпт, кашаль, стагнанне, божканне. Чорны. Толькі зрэдку на світанні, Як павейваў вецярок, Журба чулася, стагнанне, — Плакаў ссечаны дубок. Колас.

стагнацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да стагнацыі. Стагнацыйны перыяд у вытворчасці.

стагна́цыя, ‑і, ж.

Спец. Адсутнасць развіцця; застой (у вытворчасці, гандлі і пад.).

[Ад лац. stagno — раблю нерухомым, спыняю.]

стагна́ць, стагну, стогнеш, стогне; незак.

1. Абзывацца стогнам (у 1 знач.). Пятро стагнаў — [Саша] пяшчотна гладзіла яго рукі, шчокі, быццам хацела гэтак суцішыць боль. Шамякін. Палкоўнік доўгія хвіліны маўчаў, стагнаў і адпачываў ад сваёй нядаўняй гаворкі. Чорны. Ці то зламала, ці то вывіхнула нагу ў калене — не разабраць, але стогне і енчыць [бабка] так, што сэрца разрываецца... Васілевіч. // Утвараць працяглыя, нудныя крыкі або гукі, падобныя да стогну (пра птушак, жывёл). У травах стогнуць кулікі. Рудкоўскі. Недзе ў далёкай сажалцы стагналі жабы. Корбан. / у перан. ужыв. А тут і бура такая паднялася, што лес крышыўся і стагнаў. Колас. Не ціхне бура. Стогне лес... На ўсе лады віхура свішча!.. Чарот.

2. перан. Гаварыць роспачна, скардзіцца, наракаць. Максім пазіраў на парваны кажушок і ціха стагнаў: — Ай-яй-яй, браток, што гаспадар скажа. Асіпенка. [Рачкоўскі:] — Дрэнны той майстар, што, зрабіўшы якую няўдалую шкодную рэч — ці ў памылцы, ці праз недасканалае ўмельства сваё, — будзе клапаціцца над ёй, будзе ахаць,.. енчыць, стагнаць... Зарэцкі.

3. перан. Пакутаваць пад прыгнётам каго‑, чаго‑н. Хай бацькі стагналі ўчора, Йшлі на той свет без пары; Сёння ў нашай моцы гора, Мы жыцця гаспадары! Купала. Палалі гарады і вёскі, усё было ў агні, здавалася, чалавеку не было ніякага ратунку. Плакала, стагнала беларуская зямля. Гурскі. // Аддавацца працяглым гулам на ўдары, гусці пад цяжарам чаго‑н. Зернавы адчуў, як у твар яму дыхнула гарачай парай, кропелькамі вады. Адчуў, як дрыжыць зямля пад цяжарам вагонаў, як стогнуць рэйкі. Нядзведскі. Суткі стагнала зямля ад гармат. Баранавых.

стаго́ддзе, ‑я, н.

1. Прамежак часу ў сто гадоў; век. Дваццатае стагоддзе. Мінулае стагоддзе. □ [Гопкель] ведаў характар людзей, якім даюць .. адказныя заданні. Не дарма ж ён вывучаў іх на працягу чвэрці стагоддзя. Шамякін. Літаратурнай дзейнасць Змітрака Бядулі пачалася ў пачатку дваццатага стагоддзя. Каваленка. Дрэвы — да сонца, Людзі — да волі Цягнуцца праз усе стагоддзі. Барадулін. // Вялікі, неакрэслены прамежак часу; глыбокая даўніна. Ну што ж, я і з гэтым міруся, Вайне не стагоддзі грымець. Астрэйка. Можа гэта казка ці паданне Нашай фантастычнае зямлі... Паміж стэпаў у стагоддзях даўніх Скіфы легендарныя жылі. Панчанка. Закрыеш вочы і дзіўныя вобразы адзін за адным лунаюць у карагодзе бясконцым, у карагодзе, сатканым з красак стагоддзяў. Лынькоў.

2. Стогадовы юбілей каго‑, чаго‑н. Стагоддзе універсітэта. Стагоддзе завода. □ Усё прагрэсіўнае чалавецтва ўрачыста адзначыла стагоддзе з дня нараджэння У.І. Леніна. «Звязда».

стаго́дні, ‑яя, ‑яе.

Тое, што і стогадовы. Лявей цягнуўся хмызняк, аблямоўваючы даліну са стагоднімі адзінокімі дубамі. Колас. Вада імчалася цераз голыя, вымытыя карэнні стагодніх дрэў. Чорны.

ста́днасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і стан стаднага (у 1 знач.). Інстынкт стаднасці.

2. перан. Поўнае несвядомае падпарадкаванне сваіх індывідуальных паводзін паводзінам гурту.

ста́дны, ‑ая, ‑ае.

Спец.

1. Які жыве гуртам, чарадою. Стадны характар жыцця першабытнага чалавека. // Уласцівы гурту. Стадны інстынкт.

2. перан. Які вызначаны несвядомым падпарадкаваннем паводзінам гурту. І ўсіх, як мне здавалася, распірала большае ці меншае пачуццё стаднай узбуджанасці з прычыны такой перамены ў агульным жыцці горада. Гарэцкі.

стадо́ла, ‑ы, ж.

1. Уст. Канюшня на заезным двары. Будынак пры гасцінцы — гэта была карчма, самая сапраўдная, з стадолаю і нацярушанаю перад ганкам саломаю. Чорны.

2. Вялікі хлеў. Грышка, бегучы ў стадолу памагаць бацьку адвязваць каровы, убачыў, што каля ганка панскіх пакояў вялікая грамада польскіх жаўнераў. Чарот. // Хлеў, канюшня наогул. Пастанавілі адразу пачаць падрыхтоўку да калгаснага будаўніцтва, і на першую чаргу назначылі будоўлю вялікае стадолы на ўсю, якая мела быць абагулена, жывёлу. Зарэцкі. // Разм. Пра вялікае, няўтульнае, нядобраўпарадкаванае памяшканне, жыллё. Але ў хаце — адзін пакой, як стадола. Адгарадзіць бы які куток... Шамякін. [Сын:] — А дроў, дроў колькі трэба, каб нагрэць такую стадолу! Ракітны.