стаго́ддзе, ‑я, н.
1. Прамежак часу ў сто гадоў; век. Дваццатае стагоддзе. Мінулае стагоддзе. □ [Гопкель] ведаў характар людзей, якім даюць .. адказныя заданні. Не дарма ж ён вывучаў іх на працягу чвэрці стагоддзя. Шамякін. Літаратурнай дзейнасць Змітрака Бядулі пачалася ў пачатку дваццатага стагоддзя. Каваленка. Дрэвы — да сонца, Людзі — да волі Цягнуцца праз усе стагоддзі. Барадулін. // Вялікі, неакрэслены прамежак часу; глыбокая даўніна. Ну што ж, я і з гэтым міруся, Вайне не стагоддзі грымець. Астрэйка. Можа гэта казка ці паданне Нашай фантастычнае зямлі... Паміж стэпаў у стагоддзях даўніх Скіфы легендарныя жылі. Панчанка. Закрыеш вочы і дзіўныя вобразы адзін за адным лунаюць у карагодзе бясконцым, у карагодзе, сатканым з красак стагоддзяў. Лынькоў.
2. Стогадовы юбілей каго‑, чаго‑н. Стагоддзе універсітэта. Стагоддзе завода. □ Усё прагрэсіўнае чалавецтва ўрачыста адзначыла стагоддзе з дня нараджэння У.І. Леніна. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)