скула́стасць, ‑і, ж.
Уласцівасць скуластага; наяўнасць пукатых скул. Скуластасць твару.
скула́сты, ‑ая, ‑ае.
З пукатымі скуламі 1. Скуласты твар. □ У чалавека трэсліся рукі, а па скуластых абветраных шчоках цяклі слёзы. Асіпенка. // Які мае такі твар. На пажоўклай ад часу паперы захаваўся здымак: двое маладых хлопцаў стаялі побач. Адзін, крыху старэйшы, скуласты, амаль бязбровы, а другі — худзенькі, з далікатным, як у дзяўчыны, тварам, высокі. Хомчанка. Слова папрасіў русы, скуласты, з чырвоным тварам чалавек. Ермаловіч.
ску́лены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад скуліць.
скулі́цца, скулюся, скулішся, скуліцца; зак.
Разм. Упасці, зваліцца. Старому Пеўню дрэнны сон прысніўся, Устрапянуўся ён і... з седала скуліўся. Валасевіч. Буланы спудзіўся і, захропшы, ірвануў калёсы так, што Тарас ледзь не скуліўся з воза. Гурскі.
скулі́ць, скулю, скуліш, скуліць; зак., каго-што.
Разм. Скінуць, зваліць з чаго‑н. Скуліць сена з воза. □ [Бацька] адчыніў хляўчук і скуліў барака туды, дзе стаялі нашы авечкі. Грамовіч.
ску́лле, ‑я, н., зб.
Разм. Нарывы, балячкі. Вуха скуллем залажыла. / Ужываецца як праклён. [Лявоніха:] — Прыйшла ты, сарока, выведаць, што ў хаце маёй робіцца — скулле даведаешся, не дачакаешся! Бядуля.
скуль, прысл.
Разм. Тое, што і адкуль. Калі поезд праехаў мост, селянін паімкнуўся быў ісці, але Павел Андрэевіч прывітаўся з ім і запытаў, скуль ён. Галавач. Скуль жа ў такога малога гэтулькі сталасці і спрыту? Бажко. Стары падняўся і, відаць, усё ж усхваляваны, падыбаў па паляну, скуль можна было бачыць пажар. Шчарбатаў.
ску́львацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да скуліцца.
2. Зал. да скульваць.
ску́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да скуліць.
ску́льптар, ‑а, м.
Мастак, які працуе ў галіне скульптуры.
[Лац. sculptor.]