Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

склада́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да скласціся (1–5 знач.).

2. Мець у сваім складзе каго‑, што‑н., быць складзеным з каго‑, чаго‑н. Ёсць важныя дзве часціны, з якіх складаецца жыццё і яго глыбокі сэнс і хараство — чалавек і прырода. Колас. Складаўся гэты тэатр з аднаго чалавека, скрыначкі і дзесяткаў двух цвыркуноў. Маўр. Няхітры гарнітур [Трахіма] складаецца са зрэбнай кашулі і шарачковых портак. Крапіва.

3. Зал. да складаць.

склада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да скласці (у 1–5, 10–13 знач.).

2. Быць састаўной часткай чаго‑н.; утвараць сабой што‑н. Большую частку яго [Паўловіча] спадчыны складаюць гумарыстычныя вершы і жарты, напісаныя на матэрыяле анекдотаў пра селяніна. Казека. Аснову рэпертуару Ланскага хору складаюць народныя песні і творы савецкіх кампазітараў. «ЛіМ». Маленькія завушніцы і нітка яркіх пацерак на шыі складалі яе [Каці] ўпрыгожанне. Васілевіч.

скла́дачны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для складвання чаго‑н.; прыстасаваны для склада ​1 (у 1 знач.). Складачны пункт.

скла́дванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. складваць — скласці (у 1–5, 10–13 знач.) і складвацца — скласціся (у 4, 5 знач.).

скла́двацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да скласціся.

2. Зал. да складваць.

скла́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да скласці (у 1–5, 10–13 знач.).

скла́дзены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад скласці (у 1–6, 8 і 10–13 знач.).

2. у знач. прым. Які мае той ці іншы склад цела. Быў .. [Алесь] сярэдняга росту, але моцна складзены, з кароткай шыяй і магутнымі пукатымі грудзьмі. Караткевіч.

скла́дзісты, ‑ая, ‑ае.

Абл. Добра складзены, дужы, ладны. У дзвярах карчомнай стадолы з’явіўся складзісты чалавек, у юхтовых ботах, у суконнай свіце да пят. Чорны.

скла́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Складзеная ў дзве столкі і загнутая палоска (на тканіне, паперы і пад.). Сынклета Лукічна апусціла галаву і доўга моўчкі перабірала складкі спадніцы. Шамякін. // Прамалінейны згіб на тканіне, паперы і пад. Усё было тое самае ў абліччы гэтага чалавека: у яго акуратным касцюме, у дакладнай складцы штанін. Лынькоў.

2. Няроўнасць, хвалісты згіб на тканіне, паперы і пад. Шаўковая накідка павісла пышнымі складкамі па баках. Мурашка. [Васіль] пакручваў вусікі, рыпеў па хаце новымі ботамі, без патрэбы зганяў на спіне складкі на гімнасцёрцы. Васілевіч. // Адвісласць або маршчына на скуры, целе. Дуброўскі быў яшчэ малады чалавек, вельмі паўнацелы, з гладзенькай адвіслай складкай пад падбародкам. Мележ. — Антаніна Мікалаеўна? — задумаўся Бярозін, і ў яго між [броваў] з’явіліся тры рэзкія складкі. Шчарбатаў.

3. Хвалепадобны згіб пластоў зямной кары. Складкі зямной кары. Складкі горных парод.

скла́дкавасць, ‑і, ж.

Спец. Уласцівасць складкавага; складкавая будова зямной кары. Складкавасць горных парод.