Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

няслу́шны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае дастатковых падстаў; неабгрунтаваны. Няслушныя довады.

нясма́чна,

1. Прысл. да нясмачны.

2. безас. у знач. вык. Без апетыту. Нясмачна было есці сухі хлеб. // перан. Разм. Непрыемна, не па душы. [Шэмет:] — Ну, едзь у горад. Ты ж ужо быў там. Людзі ж там жывуць, робяць, а табе нясмачна стала. Лобан.

нясма́чны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае прыемнага смаку. Сяргею хацелася есці, але ўсё, што стаяла на стале, было, здаецца, перасоленым, недавараным і такім нясмачным, што нават расло ў роце. Адамчык.

нясме́ласць, ‑і, ж.

Уласцівасць нясмелага; адсутнасць смеласці. Васіль вырас. Ён стаў шчыры і сумленны, але тая дзіцячая скаванасць, нясмеласць асталіся. Ваданосаў.

нясме́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не вызначаецца смеласцю; сарамлівы. Прыехаў я ў Мінск як самы сапраўдны правінцыял: нясмелы, непаваротлівы, сарамяжы. Скрыган. Каля Дубравінай Косця заўсёды станавіўся нясмелы і негаваркі. Карпюк. // Які выражае адсутнасць смеласці. На нясмелы стук у дзверы Стафан падышоў і спытаў: — Хто там? Колас.

2. перан. Які слаба праяўляецца. Недзе далёка-далёка грымеў першы нясмелы гром. Асіпенка. Прарваліся аднекуль нясмелыя промні сонца. Лынькоў.

няспе́ласць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан няспелага.

няспе́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не дасягнуў спеласці, не з’яўляецца спелым. Мы патрапілі на .. імхі з няспелымі чырвона-белымі журавінамі. Бядуля. Дыхнуў ветрык, і ціха загаманілі няспелыя каласкі. Федасеенка.

2. перан. Які не дасягнуў поўнага развіцця, сталасці. Даруйце ім іхнюю віну, старыя дубы, — яна ад маладой крыві і няспелага розуму. Навуменка. // Які сведчыць аб нявопытнасці, недастатковым майстэрстве; недасканалы. Няспелая думка. □ Пасля вайны, вярнуўшыся дахаты, Хто-небудзь, можа, знойдзецца такі, Хто роднай Беларусі ў часе свята Аддасць мае няспелыя радкі. Аўрамчык.

няспе́шнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць няспешнага.

няспе́шны, ‑ая, ‑ае.

Які робіць што‑н. без спеху (пра чалавека). Няспешны ў рухах, разважлівы, заўсёды з усмешкай, лагоднай і хітраватай, Макар Сяргеевіч падабаўся людзям. Шыцік. // Які адбываецца без спеху; павольны, спакойны. Няспешная гутарка. Няспешная гульня. □ Аляксей Іванавіч увайшоў у пакой цяжкім няспешным крокам. Шашкоў. // Які не патрабуе спешнага выканання. Няспешная работа.

няспо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не спорыцца, не ладзіцца. Не любіць Юзік гэтай работы. Не таму толькі, што яна вельмі цяжкая: няспорная надта. За пусцяковыя вынікі траціцца чорт што сілы і часу. Крапіва. // Нявыгадны ў гаспадарчых адносінах. Няспорнае насенне бульбы.

2. Не густы, не часты (пра дождж, снег і пад.). Пайшоў няспорны дождж. Мележ.