нязда́тнасць, ‑і, ж.
Адсутнасць здатнасці, умення рабіць што‑н. Няздатнасць да малявання. □ [Валя] узлавалася на сябе, на Марыну за пасіўнасць, за няздатнасць да подзвігу. Шамякін.
нязда́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае здатнасці да чаго‑н.; няздольны. Няздатны да вучобы. Няздатны спяваць. □ Думала [Галя]: а чаму б ім сапраўды не з’ехаць туды, дзе іх ніхто не ведае, з’ехаць ад гэтай паняверкі, ад косых позіркаў. Хіба яна такая ўжо няздатная, што нідзе сабе і месца добрага не знойдзе? Сабаленка.
2. Які не падыходзіць для чаго‑н.; непрыгодны. Можна было падумаць, што.. [Андрэй] толькі тое і робіць — смяецца ўвесь дзень, на другое няздатны. Пташнікаў.
няздзе́йснены, ‑ая, ‑ае.
Які не быў здзейснены, не быў ажыццёўлены. Няздзейсненая задума. Няздзейсненыя планы.
няздо́льнасць, ‑і, ж.
Адсутнасць здольнасці, умення рабіць што‑н. [Бруно] пратрымаўся ў шэфах нядоўгі час і хутка быў вызвалены ад гэтых абавязкаў з прычыны яго поўнай няздольнасці наладзіць як след работу. Лынькоў.
няздо́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае здольнасцей, таленту. Няздольны вучань. // да чаго і з інф. Які не мае якой‑н. здольнасці, умення рабіць што‑н. Няздольны да музыкі. Няздольны маляваць.
2. Які не ўмее рабіць чаго‑н., не мае якасцей, уласцівасцей, патрэбных для чаго‑н. Васіль адступіўся ад натоўпу, павалокся на сваё поле. То стаяў, то тупаў, няздольны стрымаць.. непатрэбную кволасць. Мележ. Вялікае.. было ў.. [немцаў] расчараванне, калі яны заспелі пустыя шчыліны, разбітыя, няадольныя да бою гарматы. Лынькоў.
нязжа́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які застаўся на корані (пра злакавыя расліны). У лагчынах з поля — яно было справа — на шашу пасля цяпла дыхнуў рэдзенькі, халодны вецер, прынёс пах нязжатага ячменю і сухога сена. Пташнікаў.
2. Такі, на якім засталіся на корані злакавыя расліны. Пералівы жоўта-зялёнага колеру дрыжалі над нязжатым полем. Бядуля.
нязжы́ты, ‑ая, ‑ае.
Такі, ад якога яшчэ не пазбавіліся, які не зжылі. Бур’ян, шурпатыя будкі дачасных будынкаў, зямлянкі. Гэта яшчэ ўсё старое, нязжытае. Брыль.
нязла́джанасць, ‑і, ж.
Уласцівасць нязладжанага. Нязладжанасць у працы. Кампазіцыйная нязладжанасць твора.
нязла́джаны, ‑ая, ‑ае.
1. Які адбываецца неадначасова, нядружна. Нязладжаная работа. Нязладжаная страляніна.
2. Пазбаўлены гармоніі, несуладны. Нязладжаны хор. □ Пяюць [хлопцы] з ахвотай, самааддана, хоць галасы нязладжаныя — не паспелі спецца. Навуменка.
нязло́мнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць нязломнага. Вы лепш запомніце, Каб несці праз гады, Сказ Аб нязломнасці Савецкага салдата... Кірэенка.
2. перан. Стойкасць, цвёрдасць у перакананнях, намерах і пад. Людзі пазнаюцца не на парадах, а ў барацьбе з ворагам, — там паказваецца іх нязломнасць. Гурскі.