Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

звіхну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Разм.

1. Страціць розум; звар’яцець. — Звіхнуцца можна ад такога візгату. Пянкрат.

2. Збіцца з правільнага жыццёвага шляху, пачаць весці ганебны спосаб жыцця. Перад абліччам смерці чалавек звіхнуўся адзін раз, учыніў злачынства, ратуючы сваю шкуру, тады пайшло і пайшло. Карпюк. Час ішоў, а Юрась не вяртаўся. «Няўжо зноў звіхнуўся хлопец? — думаў Рыгор. — Няўжо злодзеем на ўсё жыццё застаўся? Не...» Лукша. // Сысці з правільных, прагрэсіўных пазіцый, пачаць раздзяляць няправільныя погляды.

звіхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.

Разм. Зрабіць вывіх; вывіхнуць. — Я шукаў карову і ў лесе, бегучы, ступіў у зарослую дзеразой яму і ўпаў, і вельмі нага баліць. Мусіць гэта я нагу звіхнуў. Чорны.

зві́цца, саўюся, саўешся, саўецца; саўёмся, саўяцеся; зак.

1. Скруціцца ў клубок, у кальцо. Змяя звілася ў клубок. □ Лопнула струна, у абаранак звілася. Кандрусевіч.

2. Скурчыўшыся, легчы, паваліцца (ад удару, болю і пад.). — Максім як пальнуў, гэты афіцэрык так і звіўся. Грахоўскі. — Пайшоў ляж, каб ты здох! — прашыпеў [Ціток] і, падбегшы, выцяў сабаку нагою. Той яўкнуў і звіўся пад ложкам. Лобан. // Скруціўшыся, легчы, заснуць (ад стомы, ап’янення і пад.). Я пачаў аднеквацца: маўляў, хлопцы, вы піце, вы ж з холаду. Зноў жа такі арганізм мой знясілены, і калі я столькі вып’ю, дык і саўюся. Сабаленка. — А Лёнька ўжо звіўся, спіць? — вешаючы кажух і шапку на цвіку ў парозе, паглядзеў .. [бацька] у бок Лёнькавага ложка. Васілевіч.

3. Пераплесціся, сплесціся паміж сабой. Па баках дарогі.. стройна звіўся беразняк. Машара. Макар насупіўся, на лбе вяровачкамі збіліся складкі. Дуброўскі.

4. Сесці роем (пра пчол). Рой, як толькі даляцеў да першага дрэва калгаснага саду, так і звіўся на галінцы. Кулакоўскі.

звіць, саўю, саўеш, саўе; саўём, саўяце; зак., што.

1. Скручваючы, уючы пасмы, ніці, вырабіць што‑н. Звіць вяроўку. □ На такой гаспадарцы, як наша, зімой работы няшмат. Дроў прывезці, звіць пастронкі ці лейцы, лапці падшыць, даць каню і карове — і ўсё. Брыль. // Зрабіць, сплятаючы што‑н. Звіць вянок з кветак. // Зляпіць, збудаваць гняздо (пра птушак). Пад дахам нашага дома, у вузенькай шчыліне франтона, вераб’іная пара звіла сабе гняздо. Гарбук.

2. Зматаць у клубок; наматаць на што‑н. Звіць ніткі ў клубок.

3. Матаючы, зняць з чаго‑н.; разматаць. Звіць ніткі са шпулькі. Звіць пражу з матавіла.

•••

Звіць (сабе) гняздо — а) завесці сям’ю; уладкаваць жыццё. Часам думаю такое: Мо звіла гняздо ты з кім Пад вясковаю страхою Ці пад дахам гарадскім... Кусянкоў; б) пасяліцца, прыжыцца дзе‑н. Каліну перанеслі ў кабінет дырэктара, дзе паспеў ужо звіць сабе гняздо камендант, і палажылі на мяккую канапу. Няхай.