Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

звышгала́ктыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Спец. Сукупнасць галактык, якая ўтварае адасобленую касмічную сістэму.

звышгіга́нт, ‑а, М ‑нце, м.

1. (звычайна ў ролі прыдатка). Пра што‑н. незвычайна вялікага памеру, вялікай магутнасці і пад. Самазвал-звышгігант.

2. Зорка незвычайна вялікіх памераў і нязначнай шчыльнасці.

звышгукавы́, ‑ая, ‑ое.

Які перавышае скорасць гуку; які рухаецца са скорасцю, што перавышае скорасць гуку. Звышгукавы самалёт.

звышдалёкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які значна перавышае звычайную, сярэднюю далёкасць чаго‑н. Звышдалёкая дыстанцыя. Звышдалёкая стральба.

2. Тое, што і звышдальнабойны. Звышдалёкая артылерыя.

•••

Звышдалёкая ракета гл. ракета.

звышдальнабо́йны, ‑ая, ‑ае.

З дальнабойнасцю, якая значна перавышае звычайную. Звышдальнабойная гармата.

звышкампле́ктны, ‑ая, ‑ае.

Які не ўваходзіць у камплект, выходзіць за межы камплекта. Звышкамплектныя боепрыпасы.

звышкаштары́сны, ‑ая, ‑ае.

Які перавышае прадугледжаныя каштарысам расходы. Звышкаштарысныя затраты.

звышлімі́тны, ‑ая, ‑ае.

Які перавышае вызначаны ліміт. Звышлімітнае выкарыстанне электраэнергіі. // Які перавышае вызначаны ліміт па вартасці. Звышлімітнае будаўніцтва.

звышмагу́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае вельмі вялікую магутнасць. Звышмагутны рухавік. Звышмагутны танк.

звышме́ткі, ‑ая, ‑ае.

Які мае вельмі дакладную меткасць. Звышметкі стралок.