Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зво́льніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.

Часова або канчаткова вызваліцца ад выканання якіх‑н. абавязкаў, звязаных з вучобай, службай і пад. Звольніцца з вайсковай службы. Звольніцца па ўласнаму жаданню. □ Якраз у гэты дзень звольнілася з працы кур’ерка студыі. Васілевіч.

зво́льніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.

Часова або канчаткова вызваліць ад выканання якіх‑н. абавязкаў, звязаных з вучобай, службай і пад. Анатолю робіцца прыкра. Сапраўды, як ён мог адважыцца падаць заяву, каб яго звольнілі з завода? Асіпенка. Па вёсцы пранеслася чутка, што лесніка клікалі ў горад і звольнілі з пасады. Каваль.

звон, звана́ і зво́ну, ж.

1. звана́; мн. званы́, ‑о́ў. Ударны сігнальны падвясны інструмент (з медзі або з меднага сплаву) у выглядзе ўсечанага пустога конуса з падвешаным усярэдзіне ўдарнікам (языком). Царкоўны звон. □ А выйдзе на бераг Дзвіны, заспявае песню — званы змоўкнуць у княжацкім Полацку, хвалі прыціхнуць каля берагоў, жаўранкі злятаюцца да яе, садзяцца на плячо і слухаюць тую Алёнчыну песню. Грахоўскі. Адзванілі званы на званіцах, І збуцвелі, паніклі крыжы, Знакі цемры-імжы. Колас.

2. зво́ну. Гук, які ўтвараецца гэтым інструментам, а таксама металічнымі або шклянымі прадметамі пры ўдары. Звон касы. Звон шклянак. Звон ланцуга. // Гудзенне насякомых, спеў птушак і інш. Камарыны звон плыў над млявым, ціхім балотам... Бялевіч. Заплюшчыць [Сцёпка] вочы — і чуе звон жаваранкаў, адчувае пах суніц, свежага сена, хвоі. Хомчанка.

3. зво́ну; перан. Пагалоскі, плёткі. Не хацеў.. [Пятро] чуць таго звону, што ўжо яго Улляна разнесла па сяле. Ракітны.

•••

Званіць ва ўсе званы гл. званіць.

Малінавы звон — вельмі прыемны, мяккі па сваім тэмбры звон.

зво́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да звана.

звонкагало́сы, ‑ая, ‑ае.

Са звонкім голасам. З саду далятала вясёлая гамана — то дзявочая прыпеўка, то выбух смеху, то пераліў звонкага голаса гармоніка. Хадкевіч.

зво́нкасць, ‑і, ж.

Уласцівасць звонкага.

зво́нкі 1, ‑ая, ‑ае.

Гучны, гулкі; проціл. глухі. Звонкі крык. Звонкая песня. □ Звонкі голас пакаціўся па люстранай роўнядзі ракі і шматразовым рэхам адгукнуўся ў лесе. Шчарбатаў. // Здольны гулка, выразна гучаць. Звонкае шкло. □ А каля масткоў на чыгунцы стаяў вясёлы гоман звонкіх кропель, сцякаючых у ажыўшыя рачулкі і ручайкі. Колас. // Здольны гучна адбіваць гукі, даваць адгалоскі. Здароў, марозны звонкі вечар! Здароў, скрыпучы мяккі снег! Багдановіч. Паветра было, як шкло, празрыстае і звонкае. Шамякін. // Які ўтвараецца з удзелам голасу (пра гукі). Звонкі зычны.

•••

Звонкая манета гл. манета.

зво́нкі 2, ‑нак; адз. звонка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Картачная масць, якая абазначаецца чырвонымі ромбікамі. — Звонкі козыры, — здаў Паўлюк карты і абцёр пот са лба. Гарэцкі.

зво́нку, прысл.

1. Са знешняга боку. А маці цэлы экзамен учынілі, загадалі ёй вагон звонку адмыць. Лынькоў. Толькі звонку, з калідора, даносіліся мерныя крокі вартавога. Навуменка.

2. Разм. Знешне, з выгляду. Звонку .. [Ліпняк] быў чалавек грозны і непадступны. Лупсякоў. Карызна не сцерпеў — пахваліўся звонку нібыта спакойна, безуважна, але з прытоеным унутры трапятаннем: — Ты ведаеш, што я з жонкаю разышоўся? Зарэцкі.

зво́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да з’араць.

зво́стрывацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да звастрыцца.

2. Зал. да звострываць.