Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дубі́на, ‑ы, ж.

1. Тоўстая, звычайна дубовая палка. Дзед непрыкметна падабраўся кустамі да карнікаў і, высока ўзмахнуўшы дубінай, аглушыў аднаго ў зялёнай касцы. Шчарбатаў. Віктар мігам падскочыў і забіў [змяю] дубінаю. Маўр.

2. Пагард. Пра тупога, някемлівага чалавека. — О, ты разумны! ты ўсё ўмееш. А пяць ды два не зразумееш. Дурны ў задачах, як дубіна! Колас.

дубі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Памянш. да дубіна (у 1 знач.). Высек ён дубінку, І як толькі сядзе авадзень на каня, дурань трах яго дубінкаю! Якімовіч.

дубі́цца, дубіцца; незак.

Зал. да дубіць.

дубі́ць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; незак., што.

Рабіць дубленне, падвяргаць дубленню. Дубіць шкуры.

дубка́, прысл. (звычайна са словамі «стаць», «станавіцца»).

На заднія ногі, вертыкальна. Коні фыркалі, дымілі ноздрамі.. Некаторыя падымаліся дубка. Бядуля. // перан. Насуперак, наперакор. — Я накрычаў на.. [Стасю]. Яна дубка супраць мяне! Ермаловіч.

дубле́нне, ‑я, н.

Апрацоўка футра і скур вымочваннем у спецыяльных растворах. Дубленне аўчын.

ду́блены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад дубіць.

2. у знач. прым. Выраблены дубленнем. Дубленая скура. // Зроблены з футра або скур, апрацаваных дубленнем. За сталом у чырвоным дублёным кажусе сядзеў выселкаўскі брыгадзір Лявон Гарнастай. Навуменка.

дубле́т, ‑а, М ‑леце, м.

1. Адзін з двух аднолькавых прадметаў; другі экземпляр якой‑н. рэчы ў калекцыі, бібліятэцы і пад. Дублет кнігі.

2. Адначасовы выстрал па адной цэлі з двух ствалоў паляўнічай стрэльбы.

3. Падроблены каштоўны камень, склеены з дзвюх частак, з якіх толькі верхняя з’яўляецца каштоўным каменем.

[Фр. doublet.]

дубле́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дублета, з’яўляецца дублетам. Дублетны фонд бібліятэкі. Дублетны экземпляр.

дублёны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і дублены (у 2 знач.). З хаты дыхнула цеплынёй і пахам дублёнай аўчыны. Кулакоўскі. Высокі маўклівы партызан у чорным дублёным кажушку сабраўся быў ужо ісці. Васілевіч.