віда́ць, у форме інф., у знач. вык.
1. Можна бачыць, разгледзець. З-пад хвой-красунь, як на далоні, Відаць і хаты і двары. Колас. Праз два маленькія акенцы дзень нясмела лез у сярэдзіну, і было відаць праз іх, як шарэла на дварэ. Чорны.
2. Можна зразумець. Сэнс байкі добра відаць.
3. Быць відавочным, вынікаць. З гэтага відаць, што... □ Гаварыў.. [Іваніцкі] шчыра, гэта відаць было з прамовы. Мурашка.
4. у знач. пабочн. Як здаецца, мабыць; напэўна. Чалавек, відаць, валодаў сабою добра. Чорны. Было ясна, што маці захварэла. І, відаць, моцна. Якімовіч.
•••
Ад зямлі не відаць — вельмі маленькага росту.
Відам не відаць — ніякіх прыкмет, нідзе не відаць.
Канца (канца-краю) не відаць (няма) — пра тое, чаго вельмі многа, што цягнецца без канца.
Па ўсім відаць; як відаць — напэўна, відавочна.
Свету (белага) не відаць — нічога не відаць (у часе мяцеліцы, завірухі).
відашука́льнік, ‑а, м.
Спец. Прыстасаванне ў фота‑, кінаапаратах для назірання за становішчам прадметаў, якія здымаюцца. Рамачны відашукальнік.
віднава́та, безас. у знач. вык.
Не зусім цёмна, крыху відно. Угары было яшчэ віднавата. Мурашка.
віднава́ты, ‑ая, ‑ае.
Не зусім цёмны, крыху светлы. Калі віднаватая ноч, то працуюць і ноччу. Кулакоўскі.
відната́, ‑ы, ДМ ‑наце, ж.
Пра наяўнасць вялікай колькасці святла дзе‑н. А перад насыпам такая відната, хоць кніжкі чытай: кожная травінка асветлена. Мележ. [Мурашка:] — На дварэ дзень, відната, а мы спаць сабраліся. Пальчэўскі.
відне́цца, ‑еецца; незак.
Быць відным, быць у полі зроку. Направа, у аддаленні, віднеецца чырвоны сцяг. Пестрак. Фурманка.. павярнула на грэблю і яшчэ доўга віднелася там. Сабаленка.
відне́ць, ‑ее; незак.
1. безас. Світаць; святлець. На ўсходзе ўжо віднела. □ [Тодар:] — А цяпер мне ўжо і на дамоўку пара, скора віднець пачне. Кулакоўскі.
2. Віднецца, станавіцца відным, бачным. Віднеюць неба, горы, поле Праз лісцяў сець. Багдановіч. А там далей доўгі шнур віднее з жытцом. Купала.
відно́ 1, безас. у знач. вык.
1. Пра наяўнасць дастатковага святла, асвятлення; светла. Пачынае вечарэць, і пакой напаўняе шэры змрок. Толькі каля акна, дзе я сяджу з кніжкай, яшчэ відно. Каршукоў. На вуліцы ўжо было відно. Прачыналася ў скверы птаства. Сабаленка. Хоць.. [маладзік] быў і тоненькі-вузенькі, як сярпок без ручкі, усё-такі ад яго было.. відно. Гартны.
2. Тое, што і відаць (у 1, 3 знач.). Уперадзе.. ішла машына, пылу давала столькі, што дарогі не відно было. Кулакоўскі. Адразу было відно, што.. [Стафанковіч] штосьці цяжкае перажыў апошнімі часамі. Чорны.
відно́ 2, ‑а́, н.
Світанне, досвітак. Пад самую раніцу.. [Лёня] прачнуўся і ніяк не мог дачакацца відна. Ваданосаў.
•••
Ад відна (і) да цямна — з усходу да заходу сонца, з ранку да вечара. Мужчыны.. і жанчыны.. ад відна да цямна працавалі на лузе. Паслядовіч.
Да відна — да світання, да ўсходу сонца.
ві́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Значны, важны, прыкметны. Віднае службовае становішча. □ У багатай спадчыне нашага нацыянальнага фальклору віднае месца займаюць казкі. Пшыркоў. // Выдатны, вядомы. Відны вучоны. □ У горадзе.. прозвішча [трэнера] ведалі, як ведаюць прозвішча віднага ўрача, адваката альбо інжынера. Карпюк.
2. Рослы, статны, самавіты. Кібрык відны хлопец — шыракаплечы, высокі, прыгожы з твару. Шыцік.
•••
На (самым) відным месцы гл. месца.
відны́, ‑а́я, ‑о́е; відзён, відна́, відно́; мн. відны́.
1. толькі поўн. ф. Добра асветлены, не цёмны; светлы. Якая ўчора была відная ноч, такая сёння цёмная. Кулакоўскі.
2. пераважна кар. ф. Даступны зроку, бачны. Відны лясы, і сцежкі, і дарогі, Шатры дубоў і рэчак абалонь. Колас. Дом.. пад цынкавай бляхай відзён быў здалёку, адкуль бы ні пад’язджаў да Чыжэвічаў. Чарнышэвіч. // Прыкметны. [Шэмет] прайшоў па .. [палянцы] у адзін, у другі бок, памераў яе крокамі і на самай відной сасёнцы зрабіў сякерай зарубку. Лобан.
відо́вішча, ‑а, н.
1. Тое, што паўстае, адкрываецца перад вачамі, з’яўляецца прадметам агляду. Было ў дарозе шмат відовішч, Малюнкаў розных, гора, слёз, Што тлум людскі з сабою нёс. Колас. Каровы, устрывожаныя відовішчам агню, збіліся ў гурт і наперабой рыкалі. Навуменка.
2. Паказ, прадстаўленне (тэатральнае, цыркавое і пад.). Рыхтавалася цудоўнае відовішча. Выступалі лёгкаатлеты Беларускай чыгункі. Сабаленка.