Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

апіса́льны, ‑ая, ‑ае.

Пабудаваны на апісанні, абмежаваны адным апісаннем. Апісальная заалогія. Апісальны курс граматыкі.

апіса́нне, ‑я, н.

Слоўная, пісьмовая або вусная, абмалёўка каго‑, чаго‑н. Трэцяе апавяданне пачынаецца апісаннем вечара: як заходзіла сонца, як узнімаўся туман, як пахлі веснавыя дрэвы. Чорны. Тут пачну я апісанне, Як пішацца ў казках, Бо іначай не выходзіць — Слухайце, хто ласкаў! Купала.

апі́саны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад апісаць.

2. у знач. прым. Такі, усе стораны, грані якога з’яўляюцца датычнымі да акружнасці, паверхні (пра многавугольнік, мнагаграннік) або на якім ляжаць усе вяршыні ўпісанага многавугольніка, мнагагранніка (пра акружнасць, шар). Апісаны трохвугольнік. Апісаная прызма.

апіса́ць, апішу, апішаш, апіша; зак., каго-што.

1. Падрабязна расказаць пра каго‑, што‑н.; абмаляваць каго‑, што‑н. сродкамі пісьмовай мовы. Я не буду ўнутр залазіць Падзеяў саўгасных, Апішу толькі, што бачыў Болей-меней ясна. Купала. // перан. Зрабіць тое самае вусна.

2. У сістэматычным парадку пісьмова перадаць асаблівасці, прыметы або склад чаго‑н. з навуковай мэтай. Апісаць гаворку. Апісаць старажытны рукапіс.

3. Скласці поўны спіс якіх‑н. рэчаў дзеля іх ўліку. Апісаць інвентар. // Зрабіць улік і ацэнку маёмасці пры накладанні на яе арышту. Прыйшла сельсавецкая камісія і апісала малатарню. Чорны. // Завяшчаць што‑н. каму‑н. Апісаць хату на дзяцей.

4. Начарціць адну фігуру вакол другой з захаваннем пэўных умоў. Апісаць акружнасць вакол трохвугольніка.

5. Зрабіць рух па крывой, перамясціцца па крывой. Калі ракета апісала дугу і падала ўжо на зямлю, Арцыховіч.. заўважыў сілуэт салдата. Алешка.

апі́сванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. апісваць — апісаць.

апі́свацца, ‑аецца; незак.

Зал. да апісваць.

апі́сваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да апісаць.

апі́ска, ‑і, ДМ ‑цы; Р мн. ‑сак; ж.

Памылка ў пісьмовым тэксце, зробленая праз няўважлівасць, рассеянасць. Зрабіць апіску.