апраме́ньвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да апраменьваць.
апраме́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да апраменіць.
апраме́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, як у пекле; пякельны. // перан. Незвычайны па ступені праяўлення. На міг здалося, што навокал апраметная цемрадзь. Карпаў. Прыўзнімаю галаву .. і жахаюся: пада мною — прадонне. Чорная, як сажа, апраметная бездань. Сачанка.
2. у знач. наз. апраме́тная, ‑ай, ж. Пекла, падземнае царства. — А вы, бацюшка, — перабіў яго Андрэй, — у Чыжэвічы да свае Юлькі ўсё яшчэ па лёдзе ходзіце ці праз мост? Па лёдзе цяпер страшна, праваліцеся ў апраметную. Чарнышэвіч.
апрамяня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Незак. да апраменіцца.
2. Зал. да апрамяняць.
апрамяня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да апраменіць.
апрана́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. апранаць — апрануць.
апрана́ха, ‑і, ДМ ‑насе, ж.
Разм. Прадмет верхняга адзення. Паздзіраў .. [дзядзька] з ног валёнкі, Апранаху скінуў з плеч. Крапіва. Накінуўшы на плечы нейкую апранаху, Ніна выскачыла на вуліцу. Асіпенка.
апрана́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да апрануцца.
2. Насіць вопратку якога‑н. фасону або ў адпаведнасці з акалічнасцямі. Любяць і ўмеюць хораша апранацца ў Заполлі. Бялевіч. Успомнілася, што Станеўскі апранаўся не па сваіх сродках і абыходзіўся з усімі з робленай добразычлівай фамільярнасцю. Карпюк.
апрана́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да апрануць.
2. Даваць магчымасць насіць вопратку якога‑н. фасону або ў адпаведнасці з акалічнасцямі. Апранаць дзіця па апошняй модзе. □ У выхадныя дні апранаць.. [Пніцкі] пачаў чыстую.. жакетку. Чорны.