Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

апо́ра, ‑ы, ж.

1. Тое, на што апіраюцца. на што можна абаперціся. [Мірон і Віктар] чапляліся за кожную ламачыну, за леташні чаротнік, каб толькі знайсці сабе апору. Маўр. // перан. Тое, што бяруць як зыходны пункт; тое, што з’яўляецца асновай чаго‑н. Вопыт папярэднікаў — апора для далейшых даследаванняў. «Полымя».

2. Частка збудавання, на якую апіраюцца іншыя часткі і якая служыць для іх асновай. Плошча апоры.

3. перан. Сіла, якая падтрымлівае каго‑н., садзейнічае ўмацаванню чаго‑н. У працы, ва ўсведамленні сябе галоўнай фігурай жыцця знаходзіць лірычны герой духоўную і матэрыяльную апору свайго існавання. Навуменка. Савецкі Саюз — магутная апора ў барацьбе за далейшае ўмацаванне пазіцый сацыялізма. «Звязда». // Падтрымка, дапамога; той, хто аказвае іх. Галоўнай.. апорай.. былі тыя прадукты, што прывозіў з Курганішча Крушынскі. Бядуля. Ні ў жонцы, ні ў сыне не знаходзіў.. [Пракоп] апоры ў сваіх адносінах да калгаса. Колас.

апо́ркі, ‑каў; адз. апорак, ‑рка, м.

Старыя боты з адрэзанымі халявамі. Апоркі, аб якіх ішла размова, былі бязлітасна разбітыя і зношаныя. Якімовіч.

апо́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да апоры (у 1, 2 знач.). Апорная база. Апорны пункт. □ Даволі значны стратэгічны пункт Рагачоў ператвараўся захопнікамі ў моцны апорны вузел. Брыль. // Які з’яўляецца апорай (у 2 знач.). [Косця:] — Калі вось гэтыя апорныя калоны ўстаноўлены, можна адразу ставіць на іх раму. Шыцік.

апо́рт, ‑у, М ‑рце, м.

1. Сорт зімовай яблыні, на якой растуць буйныя чырванабокія яблыкі.

2. Плод гэтай яблыні.

апо́рына, ‑ы, ж.

Тое, што і апора (у 1 знач.). [Клён] стаіць цяпер недзе ў полі, прывязаны перавяслам да слупка, трымаецца гэтай [саламянай] ручкай за апорыну, як той маленькі хлопчык. Брыль.

апо́стал, ‑а, м.

1. Паводле евангелля — кожны з дванаццаці вучняў Хрыста, прапаведнікаў яго вучэння.

2. перан.; чаго. Заўзяты паслядоўнік і руплівы прапаведнік якой‑н. ідэі, вучэння. Апостал дабра і зла.

3. Царкоўная новазапаветная кніга, якая складаецца з «Дзеянняў апосталаў» і іх «Пасланняў».

[Грэч. apostolos — пасланец.]

апо́стальскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да апостала (у 1 знач.). Апостальскія пропаведзь.

апо́страф, ‑а, м.

Надрадковы знак у выглядзе коскі.

[Грэч. apostrophos — звернуты ўбок, назад.]

апо́сум, ‑а, м.

Невялікая жывёліна з сямейства сумчатых пацукоў, якая водзіцца ў Амерыцы.

апо́ўдні, прысл.

Тое, што і апаўдні. Апоўдні да вёскі падышла група людзей. Лынькоў. Апоўдні сонца праз малюсенькае акенца засвяціла.. [Явічу] у твар. Чорны. Апоўдні [зруб] пакрыўся сеткай крокваў і лат. Брыль.