Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

усплёснуцца, ‑нецца; зак.

Плёснуцца, з шумам падняцца ўверх (пра ваду). Усплёснуліся хвалі.

усплёснуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр.

Плёснуць, з шумам узняць уверх (ваду, вадкасць).

усплыва́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. усплываць — усплысці, усплыць.

усплыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да усплысці, усплыць.

усплы́сці і усплы́ць, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. усплыў, ‑плыла, ‑ло; зак.

1. Узняцца з глыбіні вады на паверхню. Бервяно з разгону ўдарылася ў човен і перакуліла яго. Захарка і Уладзік апынуліся ў бурлівай рацэ. Першым усплыў на паверхню Уладзік. Сіняўскі. Вось звер усплыў, але тут жа прагучаў стрэл, і морж знік з вачэй разам з паплаўком. Бяганская. // Паказацца, з’явіцца. Над морам, над цёплым узбярэжжам, над садам усплыў месяц — вялікі, белы, ясны. Лось. З-за лесу ўсё вышэй уставала сонца. Калючы, яшчэ халодны шар яго ўсплыў над вершалінамі і, нібы здзіўлены, на імгненне застыў на месцы. Хадановіч. / у перан. ужыв. З лагчыны ў туманным хмызе Усплыў нейкі дзіўны гук — Быццам там З-пад лядка прабіўся І забулькаў у лозах Раўчук... Арочка. Скора, скора з выраю, З цёплага паўдня, З песняй жураўлінаю Ўсплыве вясна. Кляшторны. // перан. Паўстаць, з’явіцца ў памяці, думках і пад. Нешта далёкае, даўно забытае ўсплыло і трывожна затрымцела ў маёй душы. Палтаран. Па дарозе зноў у думках усплыло мінулае. Дуброўскі.

2. перан. Стаць вядомым, выкрыцца, выявіцца. Зноў усплыло гэта пытанне. □ Нарэшце й Жору, акрамя Дачкі, Фаміч меў на прыкмеце. Вось так Супонькава імя Усплыло, вядомым стала ў свеце. Бачыла.

•••

Усплысці (усплыць) наверх (на паверхню) — тое, што і выйсці наверх (на паверхню) (гл. выйсці).

успо́мнены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад успомніць.

успо́мніцца, ‑ніцца; зак.

Аднавіцца ў памяці, прыпомніцца. Успомнілася Аленка. Ад гэтага ўспамінку адразу неяк цёпла і радасна стала Сцёпку. Колас. Анежцы ўспомнілася маці, і слёзы набеглі на яе вочы. Броўка.

успо́мніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што, пра каго-што і з дадан. сказам.

Аднавіць у памяці, прыпомніць. Жанчына раптам успомніла ўчарашні дзень, і сэрца яе па-ўчарашняму заныла болем. Брыль. Міхась пачаў успамінаць, што ён чытаў пра партызан грамадзянскай вайны. Успомніў і пра дзеда Талаша. Якімовіч. Зося прыпамінала і ніяк не магла ўспомніць, дзе яна чула гэтае прозвішча. Хомчанка.

•••

Успомніш маё слова — збудзецца тое, аб чым гаворыцца.

успо́раты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад успароць.

успо́рванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. успорваць — успароць.