Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

старгава́цца, ‑гуюся, ‑гуешся, ‑гуецца; зак.

Таргуючыся, дамовіцца пра цану чаго‑н., плату за што‑н. Бедную жанчыну моцна даняла галеча, і яна рашыла прадаць карову. Павяла ў Петрыкаў, старгавалася з купцамі, тыя ёй 70 рублёў, .. яна ім — вяроўку ў рукі, на тым і разышліся. Палтаран. Купіла хату .. [Годля] гады праз два пасля вайны, сама, казалі, напытала, сама старгавалася. Мележ. // Дамовіцца з кім‑н. адносна чаго‑н. па аснове ўзаемнай выгады. Нарэшце старгаваліся, што .. [Марцін Астаповіч] будзе мець права на дваццаць год арандаваць тую паўдзесяціну. Чорны.

старгава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; зак., каго-што.

Таргуючыся, дамовіцца пра цану чаго‑н. Патупаўшы па рынку і не знайшоўшы нікога з Выганаў, Лабановіч старгаваў за рубель возніка. Колас. // Таргуючыся, купіць. Паехаў [Антось] некуды, старгаваў зруб і прызнаў яго вадою ў Смольню. Лужанін.

старго́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да старгавацца.

2. Зал. да старгоўваць.

старго́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да старгаваць.

ста́рка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.

Гатунак вытрыманай моцнай гарэлкі. Палкоўнік сказаў, як адрэзаў, І старкі для моцы глынуў. Грамыка.

старні́раваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад старніраваць.

старні́равацца, ‑руецца; незак.

Зал. да старніраваць.

старні́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

Спец. Выправіць (выпраўляць) памылковы запіс у бухгалтарскіх кнігах; зрабіць (рабіць) сторна.

старо́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

1. Памяшканне для стоража, невялікая хатка. Леснікова старожка, у якой жыў Дземідзёнах, у тыя дні была поўна раненых. Чыгрынаў.

2. Разм. Жанчына-стораж. [Лютынскі:] Старожка ідзе; я скажу, каб самавар паставіла. Крапіва. Тут мяне сустрэла наша школьная старожка цётка Аўдоля. Якімовіч.

старо́жкі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Насцярожаны, палахлівы. Драмалі, застыўшыя ў старожкай цішыні, дрэвы. Сіняўскі. У доме таксама на пачатку панавала старожкая цішыня, якая звычайна бывае ў музеі. Даніленка. // Чуткі. І вушы старожкія ўскінуць На стрэл паляўнічы зайцы. Куляшоў.