Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

стрыжы́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да стрыжа, належыць яму. Абрыў, быццам пчаліныя соты, увесь у стрыжыных норах. Сяркоў.

стрыка́цца, ‑аецца; незак.

Абл.

1. Мець уласцівасць стрыкаць, апякаць скуру (пра крапіву). Спачатку па крапіве, якая вельмі пякуча стрыкалася і кусала за голыя лыткі, пасля па зараслях асакі .. Юля дайшла да ракі. Сачанка. І крапіва маладая стрыкаецца, Быццам пяшчотны, прыемны ўспамін. Барадулін.

2. Сцёбаць крапівою каго‑н. або адзін аднаго. Хлопцы крапівою стрыкаюцца.

3. перан. Гаварыць колкасці каму‑н. А ты ўсё стрыкаешся, як крапіва. Шарахоўскі.

стрыка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Абл. Апякаць крапівою. Бацька нечакана — дзіва дзіўнае! — правальваецца ў нару абедзвюма нагамі. Крапіва стрыкае яму твар, руку. Масарэнка.

стрыкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да стрыкаць.

стрыкту́ра, ‑ы, ж.

Спец. Звужэнне якога‑н. трубчастага органа або адтуліны поласцевага органа ў выніку запалення. Стрыктура стрававода.

[Лац. strictura.]

стрыкту́рны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да стрыктуры.

стрым, ‑у, м.

У выразах: няма стрыму, не было стрыму — не мець магчымасці ўтрымацца ад чаго‑н., не ведаць меры ў чым‑н. [Лейтэнант] хацеў браць замуж. Адмовіла Алеся, бо вельмі ўпадабаў сівуху, так упадабаў, што не было ніякага стрыму. Пестрак.

стрыма́льны, ‑ая, ‑ае.

Які што‑н. стрымлівае. Стрымальны пачатак.

стры́манасць, ‑і, ж.

Уласцівасць стрыманага (у 2–4 знач.). Знешні спакой, стрыманасць у пачуццях і дакор у сумных вачах маці не дазволілі Пецю праводзіць яе. Сіняўскі.

стрыма́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. стрымаць.

•••

Мера стрымання — прымусовая мера, якая прымяняецца следчымі і судовымі органамі да абвінавачанага з мэтай перашкодзіць злачыннай дзейнасці, ухіленню ад следства, суда і пад.