Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

стараслу́жачы, ‑ая, ‑ае.

Які даўно знаходзіцца на ваеннай службе. Яшчэ зусім нядаўна маладога салдата можна было беспамылкова адрозніць ад стараслужачага шмат па якіх знешніх прыкметах. «Маладосць». / у знач. наз. стараслу́жачы, ‑ага, м. Выбываюць стараслужачыя, прыходзіць новая змена. «ЛіМ».

ста́раста, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.

1. У дарэвалюцыйнай Расіі — адміністрацыйна-службовая асоба, якая прызначалася або выбіралася для вядзення спраў якой‑н. абшчыны, арцелі і пад. Царкоўны стараста. □ Заўтра трэба будзе заказаць старасту фурманку і паехаць да воласці забраць школьныя прыналежнасці. Колас. Люба — адна дачка і адно дзіця ў свайго бацькі; і бацька яе не абы-хто, а сельскі стараста. Мурашка. // У час Вялікай Айчыннай вайны — службовая асоба, якая назначалася акупантамі ў сельскай мясцовасці. Гітлераўцы прапанавалі яму [Шаройку] стаць старастам. Шамякін. Потым паказаўся стараста з двума нямецкімі салдатамі. Пальчэўскі.

2. Асоба, якая выбіраецца або прызначаецца з асяроддзя вучняў, студэнтаў для нагляду за выкананнем дысцыпліны, правіл унутранага распарадку ў класе, гуртку і пад. Стараста гуртка. Стараста класа. □ Стараста прыродазнаўчага гуртка Яша ажно прысягаў перад сябрамі, што Чмыхун — не звычайны вожык. Даніленка.

стараста́т, ‑а, М ‑таце, м.

Выбарная арганізацыя, у якую ўваходзяць старасты вучэбных груп.

ста́растаў, ‑ава.

Які належыць старасту. Старастава хата.

старасто́ўства, ‑а, н.

Пасада і занятак старасты. Хоць цётка Ганна з горкай іроніяй ставілася да старастоўства свайго чалавека, але ў справы яго не ўмешвалася, дужа не дапякала. Лынькоў.

старасце́нь, ‑ю, м.

Травяністая расліна сямейства складанакветных.

ста́расціха, ‑і, ДМ ‑цісе, ж.

Разм. Жонка старасты (у 1 знач.). [Матушка:] — Хто ж ваша мілая? Ну, скажыце? — Старасціха Алена, — прамовіў Лабановіч. Колас. [Ганна] ніяк не магла асвойтацца з тым, што яна старасціха, што і яна мае нібы нейкае дачыненне да нямецкага начальства. Лынькоў.

ста́расць, ‑і, ж.

1. Перыяд жыцця пасля сталасці, калі паступова адбываецца аслабленне дзейнасці арганізма. Старасць прыгнула яго крэпкі стан і кінула на твар і на высокі лоб цэлую сетку маршчын. Колас. Раней была нейкая надзея, старасць забывалася і знаходзіліся сілы... Мележ. Андрэй думаў, што да яго вельмі скора прыйшла старасць. Чарнышэвіч.

2. Доўгачасовае існаванне; зношанасць. Мяне .. [Бычыха] не чапала, мабыць з-за таго, што хадзіла цераз вуліцу ў наш калодзеж па ваду, бо свой падгніў ад старасці. Кулакоўскі. Сям-там ляжалі поперак дарогі велізарныя дрэвы, што паваліліся ад старасці. Маўр.

•••

На старасці год — у пажылым узросце, у старыя гады.

ста́рац, ‑рца, м.

1. Тое, што і жабрак. Старац-лірнік на прызбе сядзеў Пад акном мужыка беларуса, Навёў струны і песню запеў Пра мінулыя часы прымусу. Чарот. Старац аднойчы спыніўся пад акном, пачаў спяваць і прасіць міласціну. Кудраўцаў.

2. Стары чалавек. / у паэт. ужыв. Пытае бура старца-дуба: — Чаму цябе я не зламлю? Колас.

3. Манах, духоўны настаўнік веруючых. Аўтарам [тэорыі «Масква — трэці Рым»] .. быў старац пскоўскага Елеазарава манастыра Філафей. Алексютовіч.

стара́цель, ‑я, м.

Рабочы, які займаецца саматужнай здабычай золата; золаташукальнік.