ста́расць, ‑і, ж.

1. Перыяд жыцця пасля сталасці, калі паступова адбываецца аслабленне дзейнасці арганізма. Старасць прыгнула яго крэпкі стан і кінула на твар і на высокі лоб цэлую сетку маршчын. Колас. Раней была нейкая надзея, старасць забывалася і знаходзіліся сілы... Мележ. Андрэй думаў, што да яго вельмі скора прыйшла старасць. Чарнышэвіч.

2. Доўгачасовае існаванне; зношанасць. Мяне .. [Бычыха] не чапала, мабыць з-за таго, што хадзіла цераз вуліцу ў наш калодзеж па ваду, бо свой падгніў ад старасці. Кулакоўскі. Сям-там ляжалі поперак дарогі велізарныя дрэвы, што паваліліся ад старасці. Маўр.

•••

На старасці год — у пажылым узросце, у старыя гады.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)