пі́шчык, ‑а, м.
1. Дудачка, якой прывабліваюць птушак. У гэты час .. [рабчыкі] добра ідуць на пішчык. Ігнаценка.
2. Спец. Трысняговая пласцінка, якая гучыць у муштуку драўляных духавых музычных інструментаў.
3. Спец. Спецыяльнае прыстасаванне для вымярэння голасу акцёра.
піэмі́я, ‑і, ж.
Спец. Агульнае гнойнае заражэнне арганізма, пры якім утвараецца многа гнойных ачагоў у розных органах.
[Грэч. pýon — гной і haima — кроў.]
піэты́зм, ‑у, м.
1. Рэлігійная плынь, узнікшая ў 17 ст. сярод пратэстантаў Германіі, якая супрацьпастаўляла фармальна-абрадаваму боку рэлігіі містычныя пачуцці.
2. Кніжн. Містычна-набожны настрой, паводзіны (часта фальшывыя).
[Ад лац. pietas.]
піэты́ст, ‑а, М ‑сце, м.
1. Прыхільнік піэтызму (у 1 знач.).
2. Кніжн. Чалавек, схільны да піэтызму (у 2 знач.).
піэтэ́т, ‑у, М ‑тэце, м.
Кніжн. Глыбокая павага, пачцівыя адносіны да каго‑, чаго‑н.
[Ад лац. pietas, pietatis.]
піядэрмі́я, ‑і, ж.
Запаленне скуры, выкліканае гнаяроднымі мікробамі.
[Грэч. pýon — гной і dérma — скура.]
піяла́, ‑ы́, ж.
Круглая невысокая пасудзіна, вузкая знізу і шырокая ўверсе, з якой п’юць чай у Сярэдняй Азіі і прылеглых да яе абласцях.
[Перс.]
пія́на,
Спец.
1. прысл. Ціха, не моцна. Іграць піяна.
2. нескл., н. Фрагмент музычнага твора, выкананы такім спосабам, а таксама само такое выкананне.
[Іт. piano.]
піяне́р, ‑а, м.
1. Чалавек, які ўпершыню пранік у недаследаваную краіну і пасяліўся там (першапачаткова аб перасяленцах у Паўночную Амерыку).
2. Той, хто першы пракладвае дарогу ў якой‑н. новай галіне; зачынальнік. — Ва ўсякім разе, хлопцы, — казаў Садовіч, — заўтра мы паложым пачатак арганізацыі народных настаўнікаў у Беларусі. Мы будзем піянерамі рэвалюцыйнага арганізаванага руху ў барацьбе супроць праклятага царызму, — крыху рытарычна, але натхнёна скончыў Садовіч. Колас. [Віхура:] — Пройдуць гады, з’явіцца іншая тэхніка, а нас, піянераў будоўлі, усё ж не забудуць, бо мы ўкладаем душу ў справу. Гурскі. Вахтангаў быў піянерам новага, савецкага мастацтва. «Беларусь».
3. Салдат інжынерных войск у Францыі, Англіі, Германіі і да пачатку 19 ст. ў Расіі; сапёр.
4. Член дабравольнай дзіцячай камуністычнай арганізацыі. Уступіць у піянеры. □ Пад ім [сцягам] піянеры Прыходзяць на зборы. Пры ім, на бязмежным савецкім прасторы, Заўсёды стаіць Каравул ганаровы. Глебка.
[Ад фр. pionnier.]
піянер...,
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «піянерскі», напрыклад: піянератрад, піянерважаты.