Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

піла́, ‑ы; мн. пілы, піл; ж.

1. Інструмент у выглядзе стальной пласціны або дыска з завостраным зубамі для разразання дрэва, металу і пад. Яшчэ з раніцы Еўдакім паклікаў Юрку на дрывотнік. Тут ужо стаялі козлы, на іх ляжала навостраная піла. Курто. Цвёрдае, як жалеза, дрэва слаба паддавалася піле. Чарнышэвіч.

2. Разм. Пра сварлівага чалавека (звычайна жанчыну), які часта прыдзіраецца да чаго‑н., дакарае каго‑н.

пілава́льшчык, ‑а, м.

Тое, што і пільшчык (у 1 знач.).

пілава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пілаваць.

пілава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пілаваць.

2. у знач. прым. Прыгатаваны шляхам пілавання. Непадалёку ад той вёскі, куды ішлі дзяўчаты, стаяў хутар, добра абгароджаны дзе высокім частаколам, а дзе пілаванымі плашкамі. Кулакоўскі.

пілава́ты, ‑ая, ‑ае.

З дробнымі зубамі па краях; пілападобны. Пілаватае лісце.

пілава́цца, ‑луецца; незак.

1. Паддавацца распілоўванню. Сасна лёгка пілуецца.

2. Зал. да пілаваць.

пілава́ць, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; незак.

1. што і без дап. Рэзаць пілой. Меншыя дзеці капашыліся на агародзе, большыя — пілавалі, калолі і складалі дровы. Гурскі.

2. перан.; каго. Разм. Даймаць, дапякаць бесперапыннымі папрокамі, прыдзіркамі. [Шаройка] не раз пілаваў Паліну за нерашучасць. Шамякін. Зося бесперастанку пілуе.. [Тварыцкага] за тое, што ён апусклівы, маўклівы, прагны. Кучар.

3. што. Тачыць напільнікам; апілоўваць.

пілаві́нне, ‑я, н., зб.

Адходы пры пілаванні; апілкі. Цяпер піла зноў пайшла лягчэй, шпарка рассейваючы дробнае пілавінне. Якімовіч. Няхайчык ачышчае станок ад металічнага пілавіння, змазвае і без гэтага бліскучую паверхню «Ленінградца». Кавалёў.

піламатэрыя́лы, ‑аў; адз. піламатэрыял, ‑у, м.

Спец. Матэрыялы з дрэва, атрыманыя шляхам распілоўкі. Вырастаюць карпусы дрэваапрацоўчага камбіната, які забяспечыць усё будаўніцтва піламатэрыяламі і вырабамі з дрэва. «Беларусь».

пілападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Вострымі выступамі, зубцамі падобны да пілы.