Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

скараці́ць, ‑рачу, ‑роціш, ‑роціць; зак., каго-што.

1. Зрабіць кароткім або больш кароткім. Каб скараціць дарогу, хлопцы звярнулі на поле і пайшлі, шастаючы ботамі, па ржэўніку. Хомчанка. Я павярнула, каб скараціць шлях, у сквер. Савіцкі. Вершы Танка нельга дапоўніць дадатковымі строфамі або скараціць. Кучар. Настаўніца не толькі выправіла граматычныя памылкі, але і скараціла тэкст. Жычка. // Зрабіць менш працяглым у часе. Скараціць рабочы дзень. □ — Мне тэрмін скарацілі, — задаволена кажа Валодзя. Васілевіч. // Заняць, запоўніць час чым‑н.; зрабіць менш прыкметным час працякання чаго‑н. — Мо шахматы прынесці? — пытаецца Меер. — Давай, скароцім час. Карпюк. Відаць, .. [суседу Міхася] таксама было холадна і нудна, ён гаворкай хацеў скараціць чаканне раніцы. Машара. // Замест поўнай назвы абазначыць што‑н. пачатковай літарай, часткай слова і пад.

2. Зменшыць, абмежаваць колькасна або па велічыні, у аб’ёме. Скараціць штаты. □ Было тое вясною, Яўген Данілавіч дачуўся, што гэты шалёны старшыня самавольна скараціў плошчу пад авёс і ячмень і павялічыў плошчу пад лён. Паслядовіч. // Звузіць, зменшыць (вытворчасць, выраб чаго‑н. і пад.). Скараціць вытворчасць.

3. Разм. Звольніць (з работы, службы). Але тут пачаліся розныя непрыемнасці на фабрыцы. Скарацілі чамусьці з сотню рабочых. Лынькоў.

4. У матэматыцы — падзяліўшы на які‑н. лік, выразіць у меншых ліках. Скараціць дроб.

скара́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да скарыцца.

2. Зал. да скараць ​1.

скара́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да скарыць.

скара́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Разм. Тое, што і пакараць ​1. Няхай бы паню смерць забіла, Як цяжка нас яна скарала: Навек з табою разлучыла І не страчацца паказала. Глебка.

скара́ч, ‑а, м.

Абл. Ручнік з доўгімі махрамі. Бярэ дзед скарач, канцы ў вадзе мочыць, выкручвае, прылаўчаецца ямчэй па мухах секануць. Колас. — Змоўкні кажу! — уз’елася маці і, схапіўшы скарач, хвасянула .. па плячах. Крапіва. [Маці] борздзенька выцерла скарачом лаву каля стала. Якімовіч.

скарача́льнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць лікаў скарачацца. Скарачальнасць дробаў.

2. Уласцівасць тканак жывога арганізма скарачацца. Скарачальнасць мышачнай тканкі.

скарача́льны, ‑ая, ‑ае.

Якому ўласціва скарачальнасць. Скарачальныя лікі. Скарачальнае рэчыва мышачнай тканкі.

скарача́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да скараціцца.

2. на што. Мець уласцівасць у выніку дзялення на які‑н. лік выражацца ў меншых ліках. Дроб 4/6 скарачаецца на 2.

3. Мець уласцівасць, сціскаючыся, змяншацца па даўжыні, у аб’ёме (пра тканкі, органы, клеткі).

4. Зал. да скарачаць.

скарача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да скараціць.

скарачэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. скарачаць — скараціць і скарачацца — скараціцца; стан паводле дзеясл. скарачацца — скараціцца (у 3 знач.).

2. Скарочанае абазначэнне, назва каго‑, чаго‑н. Умоўныя скарачэнні.

3. Пропуск у якім‑н. тэксце; купюра ​1. Пераклад артыкула са скарачэннямі.

4. Разм. Звальненне з работы. Скарачэнне супрацоўнікаў.

скарб, ‑у, м.

1. звычайна мн. (ска́рбы, ‑аў). Грошы, каштоўныя рэчы, каштоўнасці. Мне не належаць скарбы і багацце. Кляшторны. Набыткі, скарбы, аддавалі ўсё, душы і сэрца толькі не давалі. Дубоўка. // Багацці прыроды, зямных нетраў. Хацеў на цябе паглядзець, Сібір, Стоячы з думай ціхай, Скарбы пабачыць тваіх глыбінь, Паветрам тайгі падыхаць. Калачынскі. Скарб палёў — збажыну, Што ўзрасціў чалавек, Перавозяць таварнякі. Прыходзька.

2. звычайна мн. (ска́рбы, ‑аў); чаго або якія. Духоўныя і культурныя каштоўнасці. [Народныя] масы не толькі вырабляюць матэрыяльныя каштоўнасці, неабходныя для жыцця і паступальнага развіцця грамадства, але і ствараюць яшчэ вялікія скарбы духоўнай культуры. Лушчыцкі. Мовазнаўца знойдзе ў творах .. [Коласа] скарбы народнай беларускай мовы, філосаф — нямала сапраўды філасофскіх праблем. «Полымя». // Багацці розуму, сэрца і пад. Хіба не трагічна, калі вялікія сыны народа .. вымушаны былі служыць чужой культуры, якую яны, па волі гістарычнага лёсу, узбагачаюць скарбамі свайго генія, свайго таленту. Майхровіч.

3. перан. Пра таго (тое), што мае асабліва вялікую вартасць. Добрыя кадры — гэта жывы скарб. Дуброўскі. Нават просты спеў птушыны Раджае ў сэрцах пачуццё, Што лепшы скарб — краса айчыны, Яе бясконцае жыццё! Кірэенка. Майстры сівыя навучаюць моладзь, перадаюць ёй скарб сваёй навукі і дзівяцца з таго, як хутка ловяць сакрэты ўсе іх маладыя рукі. Дубоўка. Скарб, а не дзяўчына, усё з паўслова разумее. Шыцік. // іран. ужыв. [Маці:] — Што ты нешта сёння з гэтым вужышчам усхадзіўся. Такі-та скарб. Пальчэўскі. // Пра вельмі дарагое, каштоўнае для каго‑н. Маша трымала на руках свой беленькі скарб — малое ў «канверце» — і ўсміхнулася мне, кіўнуўшы галавою. Брыль. Усяго некалькі слоў, але .. [роля] здавалася мне вялікім скарбам. Сяргейчык. Пабег шчаслівы Сцяпанка ў ток са сваёй пушачкай. Цешыла яго вельмі тое, што гэтага скарбу ўжо ніхто ў яго не адбярэ. Бядуля.

4. Каштоўнасць схаваныя, закапаныя дзе‑н. І раптам камсорг-прараб Спыніўся ўсхваляваны: — Глядзіце, знайшоў я скарб, Што быў карчмаром схаваны. Нядзведскі.

5. Багацце, маёмасць. Форма скарбу ёсць проста форма грошай, якія не знаходзяцца ў абарачэнні. Маркс. [Дзед Мікалай] вартуе начамі калгасны скарб. Якімовіч. І яго доля працы ўнесена ў агульны скарб дзяржавы. Алешка. / у іран. ужыв. Мужчыны адышлі ў куточак і падлічылі да капеечкі свой скарб. Пальчэўскі.

6. Разм. Пажыткі, хатнія рэчы. Снавалі дзеці і мужчыны, З сяней, з каморы скарб сцягалі І на вазы яго складалі. Колас. Увесь яго скарб умясціўся на возе: там ляжыць невялікі мех сухароў, сякія-такія транты. Сабаленка. Усюды на падлозе валяўся скарб — рэшаты, адзежа, кублы. Лупсякоў. За плячыма старой вісеў нейкі клунак, напэўна, з дамашнім скарбам. Мележ.

7. Уст. Дзяржаўная ўласнасць; казна. Былі там пасекі. Штогоду Тут сотні блізшага народу Дзялянкі лесу карчавалі І на трацяк іх засявалі — Капу да скарбу, дзве дадому... Колас. І грошы тыя начальства забрала да скарбу. Гарэцкі.

[Польск. skarb.]