Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

змы́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад змыць.

змыў, змыву, м.

Дзеянне паводле дзеясл. змываць — змыць (у 2 знач.).

змы́ўка, ‑і, ДМ змыўцы, ж.

Дзеянне паводле дзеясл. змываць — змыць (у 1 знач.).

змыўны́, ‑ая, ‑ое.

1. Прызначаны для змывання, мыцця. Змыўны шланг.

2. Спец. Змыты адкуль‑н.; такі, які змываецца ці можа быць змыты. Змыўны пясок. Змыўны грунт.

змы́ўшчык, ‑а, м.

Рабочы, які займаецца змываннем чаго‑н. Змыўшчык форм.

змы́цца, змыюся, змыешся, змыецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ад мыцця сысці, знікнуць (звычайна пра тое, што забруджвае, робіць нячыстым). Смала змылася. Фарбы змыліся. Плямы змыліся.

2. перан. Разм. Знікнуць, пайсці адкуль‑н. (хутка, непрыкметна). — Немцы ў Зарэччы ёсць? — ціха спытаў Валодзя ў старога. — Днём былі. .. Нанач змыліся. Новікаў.

змыць, змыю, змыеш, змые; зак., каго-што.

1. Мыццём ліквідаваць, зняць (звычайна пра тое, што забруджвае, робіць нячыстым). Змыць смалу з рук. □ Марыйка разарвала кашулю на параненым, змыла кроў, якая запяклася кругом раны. Гурскі. Пасля дзённых спраў, турбот Добра змыць на тварах пот! Дзеружынскі. // Мыццём ачысціць што‑н. Змыць лаўку. // перан. Пазбавіцца, ачысціцца (ад таго, што ганьбіць, няславіць). — Прашу я вас: на полі бою Сваю віну дазвольце змыць крывёю. Бачыла.

2. Знесці (вадой, цячэннем). Здаецца, .. усё мора, узнятае невядомай сілай да неба, абваліцца на зямлю .. і змые адным махам і гэтыя маленькія домікі, і сіратліва-ўбогія дрэўцы, і пачарнелыя ад дажджу слупы. Шамякін. Паміж голых яблынь яшчэ прыкметны грады — восеньскія дажджы не паспелі змыць, зраўняць межы. Чыгрынаў. / у безас. ужыв. Выцягнулі з вады лодку, убілі ў гліністы грунт калок, прывязалі яе, каб не змыла часам. Хадкевіч.

•••

Як вадой змыла — пра раптоўнае, бясследнае знікненне каго‑, чаго‑н. Жука і Барадатага як вадой змыла — уцяклі ў кусты ад пчол. Лынькоў.

змы́чка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. змыкаць — самкнуць (у 1 знач.); дзеянне і стан паводле дзеясл. змыкацца — самкнуцца (у 1 знач.).

2. Месца, дзе што‑н. змыкаецца, самкнута. На змычцы скляпенняў.

3. перан. Сумеснасць чыіх‑н. дзеянняў, агульнасць інтарэсаў; кантакт, саюз. Змычка горада з вёскай.

змяі́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да змяі, належыць ёй. Змяіны яд. Змяінае шыпенне.

2. перан. Каварны, злосны. Паглядзела пані ў прыгожы твар Марынкі змяінымі вачамі. Ваданосаў. Змяіная ўсмешка не сыходзіла з .. пафарбаваных губ [Любы]. Бядуля.

змяі́сты, ‑ая, ‑ае.

Які нагадвае паўзучую змяю; звілісты. [Хлопцы] прывыклі да гэтага звычайнага калгаснага пейзажу з жывой жалезнай машынай на зубчатых колах або на змяістых гусеніцах. Якімовіч. [Даследчая] партыя ідзе далей, а на яе месца прыходзіць земснарад, блакіруе перакат змяістым хобатам пантонных груб. Ракітны.